Іран, фота ілюстрацыйнае / Сноб
ЗША, Іран і група рэгіянальных пасярэднікаў абмяркоўваюць умовы магчымага 45-дзённага спынення агню, піша амерыканскае выданне Axios са спасылкай на чатыры крыніцы, знаёмыя з ходам перамоў. Мяркуецца, што на працягу гэтых 45 дзён павінны быць дасягнуты ўмовы канчатковага спынення вайны.
Галоўныя пытанні на перамовах — аднаўленне суднаходства праз Армузскі праліў і іранскія запасы высокаабагачанага ўрана. Пасярэднікі заявілі іранскім афіцыйным асобам, што часу для далейшых перамоўных манеўраў няма. Яны падкрэслілі, што наступныя 48 гадзін — гэта апошняя магчымасць для дасягнення пагаднення і прадухілення маштабных разбурэнняў у краіне.
Але па дадзеных крыніц Axios, шанцы на дасягненне пагаднення цягам наступных 48 гадзін невялікія.
Гэтыя перамовы — адзіны шанец прадухіліць эскалацыю. Калі пагадненне не будзе дасягнута, магчымыя масавыя ўдары па іранскай грамадзянскай інфраструктуры, а таксама дзеянні Ірана супраць энергетычных аб’ектаў у краінах Персідскага заліва ў адказ.
У нядзелю прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ЗША вядзе актыўныя перамовы з Іранам і што пагадненне можа быць дасягнута да заканчэння ўстаноўленага ім тэрміну ў аўторак.
“Шанцы высокія, але калі яны не заключаць здзелку, я ўзарву там усё,” — сказаў ён.
Іранскія афіцыйныя асобы публічна па-ранейшаму займаюць надзвычай жорсткую пазіцыю і адкідваюць любыя саступкі. Ваенна-марскі флот Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі Ірана заявіў, што сітуацыя ў Ормузскім праліве “ніколькі не вернецца” да той, што была да пачатку вайны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут