Беларускія "дармаеды" добраахвотна заплацілі ў бюджэт 450 тысяч долараў

08/07/2016 - 15:25

Беларускія "дармаеды" добраахвотна заплацілі ў бюджэт больш за 9 млрд недэмінаваных рублёў (каля 450 тысяч долараў) з налічаных больш за 10 млрд. Пра гэта паведамляе sputnik.by са спасылкай на намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізасобаў міністэрства па падатках і зборах Ірыну Крыварошчанка. Паводле яе слоў, пра сваё "дармаедства" добраахвотна паведамілі больш за 4 тысячы чалавек.

Як паведамляла Еўрарадыё, у красавіку 2015 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" ("дэкрэт аб дармаедах"). Дакумент закліканы стымуляваць удзел працаздольных беларусаў у працоўнай дзейнасці, у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў. Калі грамадзяне Беларусі і замежнікі, якія стала жывуць у нашай краіне, але не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржвыдаткаў (а калі ўдзельнічаюць, то менш за 183 каляндарныя дні на год), яны мусяць заплаціць не пазней за 15 лістапада збор — 20 базавых велічынь (420 рублёў ці каля 210 долараў). Калі ж грамадзянін не заплаціць, яго чакае штраф, адміністрацыйны арышт, прыцягненне да грамадскіх працаў.

Падатакавікі плануюць да жніўня скончыць працу па выяўленню тых "дармаедаў", якія не заявілі пра свой няўдзел у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў. Пасля гэтага яны атрымаюць паведамленні пра неабходнасць заплаціць збор. Кожны з іх будзе мець магчымасць даказаць, што ён насамрэч не з'яўляецца "дармаедам".

Міністэрства па падатках і зборах расказала, што цяпер у Адміністрацыі прэзідэнта знаходзяцца на разглядзе змены ў дэкрэт "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" . Вызваліць ад выплаты падатку могуць маці з дзецьмі да 10 гадоў, а таксама ўладальнікаў прысядзібных участкаў, незалежна ад прапіскі. Больш падрабязна гл. тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі