Беларускі баец ММА на грошы за выйграны турнір зладзіў свята ў дзіцячым прытулку

15/11/2017 - 18:58

Беларускі баец змяшаных адзінаборстваў (ММА) Вадзім Куцы нетрадыцыйна патраціў грошы за выйграныя спаборніцтвы. Як піша tribuna.com, спартовец за паўтары хвіліны перамог іспанца Хаўера Фуэнтэса на турніры Academy MMA Cup у сваёй катэгорыі.

Ганарар за перамогу ён ахвяраваў у дзіцячы прытулак. Яму дапамаглі таксама знаёмыя ды іншыя спартоўцы. Свята для дзяцей з сацыяльнага прытулку Першамайскага раёна Мінска адбылося ў мінулую нядзелю.

Матывы свайго ўчынку Куцы патлумачыў так: "Па-першае, гэты прытулак праз дарогу ад залы, дзе я трэніраваўся ў дзяцінстве. Я восем гадоў туды хадзіў, бегаў там, гуляў, бачыў гэтых дзяцей і разумеў, што ім мала пашанцавала. Ну, і потым, як пасталеў, прыйшло жаданне дапамагчы. Па-другое, гэта быў мой першы бой у Мінску — раней біўся за мяжой, таму вырашыў, што калі дома выйграю, то аддам усё дзецям".

Па словах спартоўца, у прытулак перадалі тэлевізар, фотаапарат, караоке-сістэму, мікрафон з калонкамі, спартыўны інвентар, а таксама каля 100 кг садавіны і цукеркі. "Мы таксама дарылі кожнаму зімовы камплект адзення: шапка, куртка, швэдар, штаны, майка, пальчаткі... Плюс летні абутак: красоўкі або шлёпанцы. Цацка кожнаму ў падарунак, ну і шоў-праграма была: двух хаскі ўзялі, каб дзеці маглі нянькацца з імі, аквагрым быў, аніматар быў, клоўны і фокуснік. І адна дзяўчына бясплатна майстар-клас правяла", — распавёў Куцы пра свята для дзяцей.

Вадзіму Куцаму 26 гадоў, у ММА ён правёў 12 баёў, у 11 перамог.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі