Эмілія Плятэр — гераіня з гісторыі Беларусі / instagram/rubanau_collage
Часцей за ўсё ў падручніках гісторыі можна ўбачыць толькі мужчынскія партрэты, з вельмі рэдкімі выключэннямі. Таму мы вырашылі расказваць цікавыя факты пра беларусак, якія сталі прыкметнымі гістарычнымі фігурамі. Пачнём з Эміліі Плятэр, у гонар якой называюць цэнтральныя вуліцы ў Польшчы, а ў Беларусі амаль не памятаюць.
Эмілія, якая нарадзілася 13 лістапада 1806 года ў Вільні, расла ў эпоху, калі былі актыўныя рухі філаматаў і філарэтаў, калі праз увесь кантынент, у тым ліку праз беларускія землі, маршыравалі войскі Напалеона і калі Асветніцтва распаўсюджвала свае ідэі па ўсёй Еўропе.
А яшчэ ў дзяцінстве Эмілія разам з маці з'ехала ад бацькі (нечувана для тых часоў) і пасялілася ў маёнтку Ліксна пад Даўгаўпілсам. І тады, і сёння гэта месца сустрэчы трох культур: беларускай, латышскай і літоўскай.
Жанчын пачалі прымаць ва ўніверсітэты нашмат пазней, таму маладая Эмілія атрымала выдатную хатнюю адукацыю. Калі б яна магла пайсці ва ўніверсітэт — напэўна задумалася б у тым ліку пра працу фалькларыста-этнографа. Бо гэтым яна і збіралася заняцца!
Эмілія падарожнічала па вёсках, размаўляла з іх жыхарамі, запісвала мноства тэкстаў, асабліва народных песень. Яе шчыра цікавіла жыццё беларускіх сялян, кажуць сучаснікі.
Калі расійскі імператар Мікалай I абвясціў на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай мабілізацыю, спадзеючыся сабраць і адправіць войскі на здушэнне рэвалюцый у Францыі і Бельгіі, 29 лістапада 1830-га ў Варшаве ўспыхнула паўстанне. Да снежня яно ахапіла ўсю Польшчу і землі былога Вялікага Княства Літоўскага.
Увесну (паводле адной з версій — 25 сакавіка, гэтая дата пазней стане днём абвяшчэння незалежнасці БНР) Эмілія далучылася да паўстання. Сама дзяўчына пісала, што ўсё жыццё рыхтавалася да барацьбы.
Падчас паўстання Эмілія на чале атрада з 280 пяхотнікаў, 60 коннікаў і пары сотняў сялян пайшла на Дынабург. Сама Эмілія і яе ад'ютантка Марыя Прушынская — у вайсковай форме, з кароткімі стрыжкамі. І са зброяй.
Многіх мужчын-сучаснікаў сама прысутнасць жанчын на поле бою раздражняла — гэта лічылася чымсьці непрыстойным. Аднак далёка не ўсе яны ўдзельнічалі ў паўстанні, а вось Эмілія — так.
Неўзабаве пасля прайгранай бітвы за Вільню паўстанне было задушанае царскімі войскамі. Эмілія выжыла і з'ехала разам з братам і сяброўкай. Але ўсё, што адбылося, голад і стрэс пазбавілі яе сіл — і ў Эміліі пачалася ліхаманка. Да канца 1931 года яе не стала.
Пасля скону пра Эмілію пісалі газеты, пляткарылі людзі, мастакі пісалі яе партрэты. Адам Міцкевіч натхніўся гісторыяй "беларускай Жанны д'Арк" і напісаў верш "Смерць палкоўніка", увекавечыўшы імя дзяўчыны.
І хоць паўстанне, у якім удзельнічала Эмілія, было жорстка задушанае і прайграла, шмат у чым яна перамагла — пачаўшы барацьбу са стэрэатыпамі і паказаўшы, што жанчыны нічым не горшыя, у тым ліку ў вырашальныя моманты гісторыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут