Беларуская кампанія спрабавала замовіць у Літве крылы баявога дрона

16/05/2023 - 09:50
Беларусы хацелі вырабляць у Літве баявыя дроны / pixabay.com, ілюстрацыйнае фота

Літоўская кампанія, якая вырабляе крылы для баявых дронаў, нечакана выявіла, што працуе для беларусаў. Пры гэтым прадстаўнікі кампаніі выдавалі сябе за амерыканцаў, піша delfi.lt.

Замова ў літоўскую кампанію Sportinės aviacijos ir ko паступіла летась і ніякіх падазрэнняў не выклікаў. Зварот быў ад імя амерыканскай кампаніі. "У кампаніі ёсць свае філіялы ў Іспаніі, на Кіпры і ў ААЭ, прасілі спраектаваць крыло баявога робата са сваёй нагі. Гэтую працу ў свеце выконваюць каля 10 000 кампаній, тут няма нічога эксклюзіўнага. Грузавыя дроны ўжо зараз перавозяць грузы, гэта простая справа. Мы падпісалі з імі кантракт, атрымалі аванс і пачалі працу", — кажа старшыня праўлення кампаніі Сігітас Бесагірскас.

Пры гэтым замоўцы прасілі не толькі спраектаваць крылы, але і навучыць іх масавай вытворчасці.

Агульная сума замовы складала 600 тысяч еўра. Літоўскі бок атрымаў першы аванс у 20 тысяч еўра, а вось другі аванс не прапусціў банк. Тады ў вытворцаў і з'явіліся падазрэнні.

Па словах Бесагірскаса, ім затэлефанаваў чалавек з рускім прозвішчам і стаў размаўляць па-руску. "Калі мы спыталі, як ён звязаны з нашымі заказчыкамі, ён сказаў, што з'яўляецца ўладальнікам кампаніі і жыве ў Беларусі, што кампанія Беларуская, але яны ўсё вырабляюць для войска NATO", — кажа кіраўнік літоўскай кампаніі.

Пасля гэтай размовы ён звярнуўся ў Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы. Цяпер усе сувязі і кантакты з беларускай кампаніяй спыненыя.

Бесаргірскас прызнаецца, што не цікавіўся мэтай выкарыстання грузавых дронаў: "Могуць несці пірагі, прадукты з крамы дадому. А могуць пераносіць і дрэнныя грузы. Як і машына: можна загрузіць у яе выбухоўку, а можна — намёт".

Паводле інфармацыі літоўскіх СМІ, даччыная кампанія, якой прыкрываліся беларусы, можа ўдзельнічаць у пастаўках іранскіх дронаў у Расію.

Бесагірскас дадае, што іншая беларуская кампанія раней звярталася з прапановай вырабляць баявыя дроны: "Яны прапаноўвалі нам вырабляць баявыя дроны, якія пераносілі б вадародныя бомбы і маглі б дапамагчы ўкраінскай арміі".

У Дэпартаменце дзяржбяспекі Літвы кажуць, што ім вядома пра гэтую сітуацыю. Інфармацыю пра магчымую рызыку спецслужба перадала тым, хто прымае рашэнні. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі