“Беларусь падобная да бабулі”: што расіяне ўбачылі ў нас за доўгія выхадныя

13/05/2019 - 15:41
euroradio.fm 

Адсутнасць візавага і моўнага бар'ераў, адносная таннасць як тавараў, так і паслуг — рускіх турыстаў у Беларусі заўсёды хапала ў любую пару года. Аднак на мінулых травеньскіх выхадных іх было прыкметна больш, чым звычайна. “Кожная трэцяя машына на расійскіх нумарах! Шмат нашых!” — дзеляцца сваімі назіраннямі ў сацсетках госці з Расіі.

Еўрарадыё сабрала водгукі рускіх турыстаў у сацсетках пра вялікія травеньскія выхадныя ў Беларусі. Некаторыя з іх поўныя стэрэатыпных назіранняў, а некаторыя могуць прыемна здзівіць. Тут і ўспаміны пра родную бабулю, і захапленне ад маленькіх штрафаў за перавышэнне хуткасці, і гісторыя, што раздзірае душу, пра пошукі пельменяў позна ўвечары ў Гродне, і параўнанне Беларусі з Еўропай.

“Вельмі смачная мясцовая кухня. Вядома, дранікі, дзеля якіх я сюды і ехала”.

“Беларусь падобная да роднай бабулі: у яе заўсёды чыста, ахайна, утульна і ціха. Прасторна і светла. Усё сваё, натуральнае”.

 

Па назіраннях некаторых расіян, кухня ў Беларусі адрозніваецца нават у сусветных сетках фаст-фуду. 

“У Макдаку бульба і марожанае лепш, чым у нас”.

Без "класічных" назіранняў пра добрыя беларускія дарогі нікуды.

“У Беларусь дакладна на машыне! Дарогі ў большасці з выдатным пакрыццём, абмежаванне 120 (парушаць можна толькі на 9), загружанасць мінімальная. А галоўнае — гэта бязмежныя прасторы, ад якіх атрымліваеш асалоду па шляху”.

 

Які рускі не любіць добрыя дарогі ў Беларусі? Пераклад папераджальных знакаў "Выконвай хуткасны рэжым" на рускую мову не паўплываў на жаданне асобных вадзіцеляў з Расіі перавышаць хуткасць. І сума штрафаў не асобна іх бянтэжыць.

“За гэтыя дні мы паспелі наведаць Брэсцкую крэпасць, Мірскі замак, Нясвіжскі замак і пагуляць па Мінску. А паспелі мы гэта ўсё таму, што ціснулі на "тапачку" [педаль газу. — Еўрарадыё], і абышлося нам усё гэта ў 21 000 штрафаў за перавышэнне хуткасці [больш за 670 беларускіх рублёў. —  Еўрарадыё]. Эмоцыі — гэта бясцэнна, для ўсяго астатняга ёсць Mastercard”.

 

Нікуды не зніклі і чыстыя вуліцы.

“Па-першае, што адразу кідаецца ў вочы — гэта чысціня (мне вельмі не хацелася б праводзіць паралель з Расіяй, але ў нас смецце валяецца нават побач з узлётна-пасадачнай паласой), а ў Беларусі рэальна чыста, і, магчыма, таму ўсё выглядае ярчэй і насычаней. Па-другое, там неверагодныя людзі, добрыя-добрыя. Жывучы ў Маскве (я не буду казаць пра ўсе гарады), ты пастаянна гатовы трымаць абарону, таму што альбо на цябе "наедуць", альбо выведуць і "паднаехаць" будзеш вымушаны ты”.

 

Яшчэ адзін плюс для рускіх: на вуліцах прыкметна менш людзей, чым у расійскіх мегаполісах.  

“У Беларусі ўсяго 9,5 млн жыхароў, а ў Мінску дык наогул 2. Гэта выдатна: шырокія праспекты пасляваеннай пабудовы, у якіх губляюцца рэдкія мінакі, здаецца, што ты з горадам 1 на 1. Заўважце, як мала людзей на фота (у выхадны травеньскіх свят)”.

 

А вось госці рэгіёнаў скардзяцца на працу гандлёвых сетак у вячэрні і начны час. У Гродне, напрыклад, пасля 10-й вечара праблематычна купіць пельмені.  

“Гродна нам спадабаўся больш, чым Мінск. Па колькасці Гродна як Якутск. Але такі кампактны, утульны горад, які патанае ў зеляніне”.

“Ёсць і мінусы, вядома, як без іх. Адзін толькі наш двухгадзінны паход у апраметнай цемры за пяльменямі а 10-й вечара чаго варты (Алена захацела пельмені, аказалася, што крамы зачыняюцца рана, а вулічнае асвятленне ну вельмі эканомнае). Але гэта ўсё дробязі. Гэтыя два з паловай дні ў Гродне былі класнымі”.

 

“Здорава! Мне спадабалася, уражанні неадназначныя. Для мяне гэта першы выезд вось так, у невядомую краіну, паглядзець, што там, як жывуць, ды і проста даведацца пра краіну пабольш. Там прыгожа. Як сказаў нехта, гэта яшчэ не Еўропа, але ўжо і не Расія”.

 

“Не марнуйце грошы на вопратку, лепш марнуйце іх на падарожжы. Якая розніца, колькі гадоў кросам, калі вы гуляеце ў іх па Мінску”.

 

А вось калі пачытаць водгукі на сайце tripadvisor.ru, то складваецца ўражанне, што адміністрацыя сеткі рэстаранаў нацыянальнай беларускай кухні "Васількі" вырашыла на травеньскіх выхадных жорстка потроліть расіян: турысты з нашай усходняй суседкі ставяць установе самыя нізкія ацэнкі, скардзяцца на персанал і асабліва на хуткасць абслугоўвання.

 

Але, як заўважае адзін з карыстальнікаў, праблема з хуткасцю абслугоўвання, магчыма, звязана з загружанасцю персаналу менавіта з-за колькасці турыстаў, што нахлынулі.

To see this content visit the full version of this page.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі