Бар на “Аўтазаводзе” ― супраць абмежавання часу працы ў барах на Зыбіцкай

21/06/2017 - 14:53

Шэсць злачынстваў і 56 правапарушэнняў адбылося на тусовачнай сталічнай вуліцы Зыбіцкай за пяць месяцаў года. Такую статыстыку агучвае старшыня адміністрацыі Цэнтральнага раёна Ігар Бузоўскі. Таму ўлады абмежавалі час працы трох бараў на гэтай вуліцы ― да 23:00. Прадпісанні даюць кавярням “4-4-2”, “DIY”, “ДЭПО”.

У саміх барах на Зыбіцкай кажуць, што міліцыю не выклікалі. Кліентаў, якія буянаць, проста выстаўляе ахова:

“Звычайна гэтыя пытанні вырашае ахова. Калі нехта зусім дрэнна сябе паводзіць, чалавека проста выводзяць на вуліцу, і ўсё”, ― расказваюць у бары на Зыбіцкай, дзе час працы пакуль не абмежавалі.

У адной з кавярань Заводскага раёна Мінска міліцыю выклікаюць стабільна раз на месяц. Тут працуюць пасля 12-ці гадзін ночы, і не бачаць сэнсу ў абмежаваннях па часе.

“А хіба нешта можна вырашыць такімі абмежаваннямі? Людзі прыходзяць цалкам адэкватныя, пасля выпіваюць, і выкідваюць нейкі свой негатыў. Ніводная кавярня ж не можа адказваць за стан кліентаў. Прычым тут кавярня? Нават удзень можа прыйсці чалавек, выпіць і ўчыніць канфлікт. Пасля ў міліцыі ён тлумачыць, што жонка давяла”, ― дзеляцца думкамі ў кавярні.

Цікава, што ў міліцыя Заводскага раёна не можа прыгадаць нейкіх асабліва праблемных бараў, у якія ездзіць на выклікі ўвесь час.

Дыскатэкі, клубы, ― называе праблемныя месцы прэс-сакратар мінскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі:

“Нельга сказаць, што ў нейкіх кропках рэгулярна нешта адбываецца. Забаўляльныя месцы, дыскатэкі ― вось там бывае. Па раёнах паўсюль свая спецыфіка. Нейкіх крымінальных раенаў наогул цяпер няма”.

Найбольш правапарушэнняў летась было ў Фрунзенскім і Маскоўскім раёнах, “бо там жыве найбольш людзей”. Цэнтральны раён сталіцы з вуліцай Зыбіцкай толькі на трэцім месцы па колькасці правапарушэнняў ― 2387 за год. За пяць месяцаў сёлета на Зыбіцкай склалі 56 адміністрацыйных пратаколаў. Гэта 5% ад усіх правапарушэнняў у Цэнтральным раёне.

Фота: guvd.gov.by/specvyp

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі