Баец АТА: Затрыманы ў Мінску сапраўды ваяваў. Мы думалі, што ён вар'ят, ці агент

27/11/2015 - 21:28

Беларускі следчы камітэт паведаміў падрабязнасці пра затрыманне 26 лістапада на чыгуначным вакзале Мінска узброенага мужчыны, які прыехаў з Украіны. Былі апублікаваныя фотаздымкі канфіскаваных рэчаў: бронекамізэлька, самаробная граната, пісталет Макарава, некалькі пашпартоў…

Па дадзеным факце распачатая крымінальная справа за “Незаконныя дзеянні ў дачыненні зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў”.

Гэтая інфармацыя выклікала шмат пытанняў. Няўжо рэальны ўдзельнік баявых дзеянняў, які знаходзіўся ў зоне баявых дзеянняў не больш за паўтара месяцы, можа лёгка праехаць беларускую мяжу са зброяй і хадзіць з пісталетам па мінскім вакзале, прычым, у бронекамізэльцы пад курткай.

Фота з сайту sk.gov.by

На сайце СК быў апублікаваны здымак даведкі пра тое, што затрыманы браў удзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны з 6 кастрычніка гэтага года. Паведамляецца, што мужчына — 28-гадовы ураджэнец Віцебшчыны, навучаўся ва ўніверсітэце ў Наваполацку.

Звяртаемся непасрэдна ў “Правы сектар” з пытаннем, ці сапраўды затрыманы — іх баец.

Арцём Скарападскі, прэс-сакратар арганізацыі, пасля нашага тэлефанавання звязаўся з камандзірам тактычнай групы імя капітана Валавіка, у якой, паводле даведкі, ваяваў затрыманы. Камандзір інфармацыі пра затрыманне іх байца на момант тэлефанавання не меў. Паводле слоў Скарападскага, усе байцы-беларусы з “Правага сектара” знаходзяцца ў месцах нясення службы. Таксама прэс-сакратар падкрэсліў, што апублікаваную даведку лёгка падрабіць. Усю названую інфармацыю Скарападскі назваў папярэдняй.

З ананімных крыніц Еўрарадыё атрымала фотаздымак затрыманага на чыгуначным вакзале. Паказваем фота байцу-беларусу, які бярэ ўдзел у АТА на баку украінскіх войскаў. Крыніца нечакана пазнае чалавека на здымку.

Фота з сайту sk.gov.by і ад ананімных крыніц.

“Гэта не фэйк, сапраўды, такі хлопец існуе. Ён з “Правага сектара”. Пра яго ад’езд ніхто не ведаў. Мы мелі з ім кантакт, але не болей за тое. Асцерагаліся гэтага чалавека, бо ён дзіўна сябе паводзіў. Мы паміж сабой жартавалі: ён ці з прусакамі ў галаве, ці агент беларускіх спецслужбаў. Ці адно і другое адначасова”, — дзеліцца інфармацыяй крыніца.

Еўрарадыё: Чаму вы падазравалі гэтага чалавека?

Удзельнік АТА: У Беларусь ён ездзіў не ў першы раз за ўвесь кароткі час, што ён тут знаходзіўся. Найперш, з гэтай прычыны мы яго асцерагаліся. Калі шчыра, фотаздымкі зброі, якую ў яго нібыта канфіскавалі, вельмі здзіўляюць. Пісталет Макарава тут рэдкасць. На чорным рынку ён каштуе больш за 1000 долараў. Нашы хлопцы з выведкі набывалі ПМ. І тое, трэба было пашукаць. Каб вы разумелі, аўтамат ці кулямёт знайсці ў разы прасцей. А штука баксаў — дурныя грошы! АКС-74 (малагабарытная мадэль аўтамата Калашнікава, — Еўрарадыё), напрыклад, каштуе ад 300 да 700 баксаў. Мы лічым, што яго маглі ўзяць "голым", але з дакументамі. А іншае да справы ўжо прыклалі.

 

Удзельнікі “Тактычнай групы “Беларусь”, якая ўваходзіць у структуру “Правага сектару”, таксама пазналі чалавека на фота:

“Гэта баец з пазыўным “Дук”. Ён не ўваходзіў у шэрагі нашага падраздзялення, таму мы не можам адказваць за яго дзеянні. Пакуль гэта ўсё, што можам пракаментаваць”. 

To see this content visit the full version of this page.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі