Віктар Бабарыка і Святлана Ціханоўская / прэс-служба Ціханоўскай
У Віктара Бабарыкі яўна ёсць амбіцыі быць лідарам, а ўсё, што сёння могуць прапанаваць яму дэмсілы — убудавацца ў існуючую сістэму, мяркуе палітычны аналітык Арцём Шрайбман. Так ён пракаментаваў заяву Бабарыкі, быццам той не патрэбны дэмакратычным структурам ні ў якой якасці.
"Бабарыка часткова справядліва бачыць сябе галоўным героем 20-га года — не адзіным, але адным з рухавікоў таго, што адбылося. І не гатовы ўставаць на другую ці трэцюю прыступку ў структурах, сфармаваных за гэты час".
Таму, мяркуе аналітык, экс-прэтэндэнт у прэзідэнты спрабуе захоўваць свой патэнцыял на будучыню і прайсці перыяд эміграцыі з мінімальнымі стратамі: "Ніша рэпрэзентацыі занятая Святланай Ціханоўскай. На яе закрадаецца Марыя Калеснікава, і тут незразумела, што новага можа прапанаваць Бабарыка".
Да таго ж, падкрэслівае Шрайбман, для міжнародных партнёраў Бабарыка — малавядомая постаць. Для беларускай апазіцыі — таксама, бо Бабарыку-палітыка мы ведалі ўсяго паўтара месяцы.
"Я не столькі не патрэбны Ціханоўскай і другім структурам, колькі я не патрэбны гэтаму палітычнаму ландшафту". Калі б ён так сфармуляваў, гэта, мне падаецца, была б абсалютна дакладная канстатацыя рэчаіснасці. Вось гэтаму сённяшняму эміграцыйнаму палітычнаму ландшафту новыя людзі не патрэбныя ў тым сэнсе, што не зразумела, чым ім займацца апроч таго, як далучацца да існуючых структур", — аналізуе Шрайбман.
На яго думку, Бабарыка наўрад ці крыўдуе на тое, што застаўся па-за палітычным полем: "Я думаю, што крыўда ў цэлым у тым, што пратэсты асацыююцца не з тымі, хто за іх адседзеў".
Віктар Бабарыка пасля выхаду на волю спярша абвясціў, што працягне стварэнне партыі "Разам". Пазней ён заявіў пра стварэнне праекта Belarus Network. Тым часам яго былая каманда, як паведаміў яе прадстаўнік Іван Краўцоў, зрабіла стаўку на раскрутку Марыі Калеснікавай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут