Бабарыка: калі 9 жніўня народ абярэ іншую ўладу, злачынцы будуць пакараны

11/06/2020 - 17:28

Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Беларусі Віктар Бабарыка ў інтэрв'ю TUT.by заявіў, што ён выступае за пакаранне тых людзей ад улады, хто сёння можа парушаць закон. "Тыя, хто цяпер будзе парушаць закон, і 9 жніўня, калі народ абярэ іншую ўладу, у аснове якой будзе ляжаць выкананне закона, то... тым, хто парушаў, выставяць абвінавачанне", — кажа палітык.

"Ніякіх люстрацый, ніякай помсты! — працягвае Бабарыка. — Але крымінальнае злачынства — гэта злачынства, якое павінна быць пакаранае... Напрыклад, фабрыкацыя [крымінальных] спраў — гэта злачынства. А злачынцы мусяць быць пакараны".

Віктар Бабарыка кажа, што ў яго і яго сям'і няма "грахоў", з-за якіх маглі б узнікнуць праблемы з законам. "Уся праблема, і гэта будзе самы вялікі цынізм, [грахі] могуць не знайсці, а прыдумаць", — кажа палітык. Але ён лічыць, што два месяцы, якія засталіся да прэзідэнцкіх выбараў, гэта мала, каб нават сфабрыкаваць справу і адправіць яе ў суд. Таму ён з аптымізмам глядзіць у будучыню.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі