Аляксандр Глеб завочна скончыў Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Беларусі

16/06/2017 - 13:03

Самы вядомы беларускі футбаліст Аляксандр Глеб завочна скончыў Акадэмію кіравання пры прэзідэнце. Як інфармуе БЕЛТА, у пятніцу, 16 чэрвеня, адбыўся чарговы выпуск студэнтаў-завочнікаў факультэта кіравання Інстытута ўпраўленчых кадраў. Спецыяльнасць Глеба — “дзяржаўнае кіраванне і права”.

Аляксандр Глеб паступіў у Акадэмію кіравання восенню 2013 года. Кажа, што яму параілі гэта зрабіць сябры. “Вучыцца было няпроста, — распавядае футбаліст. — У ВНУ выкладчыкі высокага ўзроўню, даводзілася сур’ёзна рыхтавацца. Спадзяюся, мае веды дапамогуць мне ў будучыні”.

Ён прызнаўся, што пасля завяршэння кар’еры хоча паспрабаваць свае сілы ў спартыўным менеджменце і юрыдычная адукацыя яму будзе дарэчы. Паводле яго слоў, “класных спартыўных юрыстаў не хапае ў Беларусі”. “Вельмі хачу вырасці ў гэтым накірунку ў прафесіянала высокага ўзроўню”, — сказаў Глеб.

Аляксандру Глебу 36 гадоў. Ён пачынаў у БАТЭ, пасля гуляў у “Штутгарце”, “Арсенале”, “Барселоне”, іншых камандах Англіі і Германіі. У апошнія гады выступаў за БАТЭ і каманды Расіі і Турцыі. Да нядаўняга часу Глеб быў вядучым гульцом нацыянальнай зборнай Беларусі. У бліжэйшы час Аляксандр прыме рашэнне, ці будзе працягваць сваю кар’еру футбаліста, ці скончыць яе. Ён кажа, што пра выбар апошняга варыянту яго просіць маці. “Неабходна параіцца з блізкімі, што больш важна: спорт ці футбол”, — кажа Аляксандр Глеб.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі