Алена Леўчанка / instagram
"Усе старыя траўмы павылазілі. Пасля турмы сталі балець суставы, уся галава была ў гузах, вельмі балела спіна. Для мяне было самае галоўнае — аднавіцца", — расказвае ў эфіры Еўрарадыё бронзавая прызёрка чэмпіянату Еўропы, чэмпіёнка Заходняй канферэнцыі жаночай NBA, фіналістка WNBA, удзельніца дзвюх алімпіяд Алена Леўчанка.
Баскетбалістка Алена Леўчанка стала адным з сімвалаў беларускага пратэсту 2020 года. А яе затрыманне і знаходжанне ў ізалятары на Акрэсціна абмяркоўвала практычна ўся сусветная спартыўная (і не толькі) прэса. Пасля вызвалення Леўчанка з'ехала з краіны — падпісала кантракт з найлепшым баскетбольным клубам Грэцыі. Спартсменка падзялілася з Еўрарадыё сваімі эмоцыямі ад перажытага арышту, думкамі пра рэпрэсіі ў Беларусі і прафесійнымі планамі.
Адаптацыя па прыездзе [ў Грэцыю. — Рэд.] праходзіла цяжка. Я прыехала, перахварэла на каранавірусам, і пасля гэтага тут пачаўся агульны каранцін. Усё зачынілася. Было цяжка аднаўляць сілы, набіраць форму. Да гэтага ж паўтара месяца наогул было не да трэніровак: турма, пераезд, хвароба.
Толькі ў пачатку студзеня тут афіцыйна дазволілі трэніроўкі. Усё гэта вельмі нялёгка пасля такога перапынку і эмацыйнай нагрузкі, якая ў мяне была. Усе старыя траўмы павылазілі. Пасля турмы сталі балець суставы, уся галава была ў гузах, вельмі балела спіна. Для мяне было самае галоўнае — аднавіцца.
Потым адчула, што "ўжо магу". Каманда даўно хацела, каб я выступала за іх. Я падпісала кантракт, але пакуль пра пачатак чэмпіянату [краіны. — Рэд.] невядома. Тут строгі каранцін.
З трэнерам мы знаёмыя. Я гуляла за яго ў 2019 годзе. Мы прайгралі тады пасля маёй траўмы чэмпіёнства. Я перанесла аперацыю, я гэта не афішавала. У працэсе 2019–2020 года рэабілітавалася, трэнер прапанавала выдатную клініку ў Грэцыі. І летась у студзені я прыляцела сюды. Ужо тады планавала пагуляць. Яны сачылі за мной.
Я з'язджала і выразна ўсвядоміла і сказала сабе: хай мяне няма ў краіне, я буду рабіць усё магчымае і гаварыць пра тое, што адбываецца ў маёй краіне. Нікому не адмаўляла ў інтэрв'ю. Вядома, мне не хацелася з'язджаць, пакідаць усё, але гэта не значыць, што я не вярнуся.
Буду рабіць любы магчымы ўклад і гаварыць праўду, расказваць пра тое, што адбываецца, выкарыстоўваць для гэтага свае сацыяльныя сеткі. Мая сітуацыя дала агалоску таму, што адбываецца ў Беларусі.
Мне піша вялізная колькасць людзей. Многія спрабуюць нешта рабіць, але яны вельмі запалоханыя, бо парушаюцца асноўныя правы чалавека.
Літаральна ўчора напісала дзяўчына, якая знаходзілася ў ЦІП 18 сутак. І ўвесь гэты час яна правяла там без матраца, без пасцельнай бялізны. Дзяўчына спала на стале, яе сукамерніцы — на падлозе. Рэпрэсіі працягваюцца. Людзі часцяком не могуць пра гэта публічна гаварыць. Яны пішуць, а ў мяне слёзы на вочы наварочваюцца.
Тыя рэпрэсіі, якія адбываюцца ў турме, разлічаныя на тое, каб людзі не хацелі туды вярнуцца. Каб зрабіць балюча, зламаць. На большае гэта сістэма не здольная — толькі на тое, каб запалохаць іншых, маўляў, "з вамі будзе дакладна гэтаксама".
Але дайце нам адзін дзень без рэпрэсій. Пакажыце, колькі нас, "змагароў". Убачыце, колькі нас выйдзе на вуліцы.
Сам факт таго, што ты ў турме, — гэта ўжо стрэс. Так, потым у нас забралі матрацы, сталі адключаць усё. Але самае страшнае для ўсіх — гэта сістэма правасуддзя, якой няма. Могуць прыдумаць нешта, даць яшчэ 15 сутак. Ты не ведаеш, калі ты выйдзеш адтуль.
Памятаю, падыходзіць тэрмін, а на мяне заводзяць яшчэ адну справу, не пускаюць адваката. Ніякай сувязі са светам няма — гэта страшна. Цяжка перажыць тое, што адбываецца там. Калі ціснуць, павінен спаць або на падлозе, або на бэльках, калі не водзяць у душ. Але ты там не адзін, ёсць дзяўчаты, якія падтрымліваюць.
Мы спявалі песні, па магчымасці гулялі ў шашкі, зрабілі з хлеба. Рабіла практыкаванні, навучыла сукамерніц дыхальным практыкаванням. Шмат размаўлялі, абмяркоўвалі гісторыі з жыцця. "А вы не Алена Леўчанка?" — пыталіся часцяком новыя дзяўчаты, якіх падсаджвалі. Расказвала свае спартыўныя гісторыі, яны мне — пра сваё жыццё. Было цікава пагутарыць з тымі, хто не першы раз трапляе ў турму.
Тое, як паводзяць сябе ахоўнікі, выглядае так, быццам гэта іх не датычыцца, і яны выконваюць сваю працу, быццам яны недатыкальныя. Але вы парушаеце правы, адключаеце ваду, адбіраеце матрацы... У гэтай жа краіне будуць жыць вашы дзеці і ўнукі. Яны думаюць, што іх не закране?
Ніколі не ведала, што такое цаніць свабоду. Толькі цяпер, у свае няпоўныя 38 гадоў, пачынаю разумець, што такое быць свабодным і змагацца за свае правы. Што значыць ганарыцца быць беларускай, ганарыцца сваім народам. Увесь гэты досвед мяне памяняў. Нават што да ўспрымання беларускай мовы. Цяпер я часцей слухаю песні на беларускай мове, чытаю.
Прыйдзе вясна — і час пакажа, што далей. Людзям цяжка, я ведаю, але кожны павінен зразумець, ці хочам мы жыць яшчэ ў гэтай сістэме нейкі час.
Нас, спартсменаў, часта папракаюць, што мы падтрымліваем адмену спартыўных мерапрыемстваў у Беларусі. Але пра якія святы можна гаварыць, калі рэпрэсуюць такую колькасць людзей? Любое спартыўнае мерапрыемства — гэта свята і для спартсменаў, і для звычайных людзей. Спорт не можа існаваць без заўзятараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.