Максім Рыжанкоў / МЗС Беларусі
Беларусь гатовая аднавіць вайсковыя каналы сувязі з NATO, калі краіны альянсу будуць гатовыя. Пра гэта міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў заявіў у інтэрв'ю расійскаму інфармагенцтву ТАСС.
"Калі яны будуць гатовыя назад вярнуцца да нейкіх верыфікацый, да нейкіх ранніх папярэджанняў, перашкаджаць гэтаму не будзем, мы, вядома ж, на гэта пойдзем", —сказаў кіраўнік замежнапалітычнага ведамства.
На яго думку, аднаўленне такіх механізмаў дапамагло б знізіць рызыку ваенных інцыдэнтаў і павысіць узаемную прадказальнасць. Рыжанкоў згодны нават на абмежаваныя меры ранняга папярэджання і верыфікацыі. Яны б дазволілі бакам лепш разумець дзеянні адзін аднаго і атрымліваць больш упэўненасці, што тыя ці іншыя крокі не накіраваныя непасрэдна супраць іх.
Пры гэтым кіраўнік беларускай дыпламатыі ўсклаў на заходнія краіны адказнасць за дэмантаж гэтых інструментаў. Рыжанкоў заявіў, быццам яны "імкнуліся пашырыць магчымасці прымянення ўзбраенняў і ўцягнуць больш дзяржаваў у выкарыстанне стратэгічных узбраенняў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут