Афіцыйны Мінск кажа, што праз санкцыі спыніліся пастаўкі лекаў

25/01/2024 - 06:35

Лекі, ілюстрацыйнае фота / pexels.com

Рэжым Лукашэнкі заяўляе, што міжнародныя санкцыі прывялі да спынення паставак лекаў у Беларусь. Такая заява была агучаная на 154-й сесіі выканкама Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Жэневе. Ад Беларусі там былі прадстаўнікі Мінздароўя і МЗС.

Беларуская дэлегацыя прывяла некалькі прыкладаў.

Кампанія Molnlycke Health Care са Швецыі адмаўляецца пастаўляць у Беларусь перавязачныя матэрыялы для паліятыўнага лячэння дзяцей, якія пакутуюць ад прыроджанага генетычнага захворвання булёзны эпідэрмаліз. Гэтыя матэрыялы маюць ключавое значэнне для аблягчэння болю і пакут дзяцей.

Польская кампанія Tarchomin Pharmaceutical Works Polfa S. A. з 2022 года перастала пастаўляць у Беларусь прэпараты "Кланазепам", "Рэлум" ды іншыя лекі для лячэння эпілепсіі ды саматычных захворванняў.

Брытанская кампанія Atnahs Pharma UK Limited спыніла пастаўкі прэпаратаў "Банвіва" і "Ракальтрол" — іх выкарыстоўваюць пры лячэнні астэапарозу.

Спыніліся пастаўкі прэпаратаў для лячэння хваробы Паркінсана і розных формаў раку, якія выпускае фінская кампанія Orion Corporation.

Таксама прадстаўнікі афіцыйнага Мінска абвінавацілі наглядныя органы Вялікабрытаніі ў зацягванні выдачы ліцэнзіі на экспарт у Беларусь таблетак марфіну: з іх дапамогай аблягчаюць пакуты анкалагічных хворых і людзей, якія перанеслі цяжкія траўмы.

У МЗС Беларусі заяўляюць, што гэта не поўны спіс, і кажуць, што міжнародныя санкцыі блакуюць доступ да шэрагу крытычна важных медыкаментаў для найбольш уразлівых груп.

Пры гэтым афіцыйны Мінск ніяк не каментуе адсутнасць належнай медыцынскай дапамогі за кратамі. А анкалагічныя захворванні не з'яўляюцца змякчальнымі абставінамі пры пераследзе палітычных апанентаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі