Кадр з фільма "Адысея" / Universal
Фільм "Адысея" рэжысёра Крыстафера Нолана ("Інтэрстэлар", "Опенгеймер") выйшаў у пракат у кінатэатрах Беларусі. Прэм'ера блокбастара ў нашай краіне адбылася на паўтара тыдня пазней, чым ва ўсім свеце.
Фільм, які доўжыцца тры гадзіны і мае ўзроставае абмежаванне 18+, усталёўвае рэкорды касавых збораў: за першыя 13 дзён ён сабраў больш за 700 мільёнаў долараў. Паводле прагнозаў, агульныя зборы могуць перавысіць 1,3 мільярда долараў, што зробіць "Адысею" самай паспяховай працай Нолана.
"Адысея" — гераічная паэма, напісаная Гамерам у VIII стагоддзі да нашай эры. Разам з "Іліядай" яна лічыцца адным з найстаражытнейшых помнікаў еўрапейскай літаратуры.
Паводле сюжэту пасля перамогі ў Траянскай вайне цар Ітакі Адысей дзесяць гадоў спрабуе вярнуцца дадому. На ягоным шляху сустракаюцца цыклоп Паліфем, сірэны, чараўніца Цырцэя і іншыя небяспекі. Паэма пабудаваная як нелінейнае апавяданне: чытач даведваецца пра многія падзеі не ў храналагічным парадку. Такі ж прыём выкарыстоўвае і Крыстафер Нолан, які часта эксперыментуе з часам у сваіх фільмах.
Кінакрытыкі вельмі высока ацанілі "Адысею". Сярэдні паказчык "свежасці" на сайце Rotten Tomatoes на падставе 755 рэцэнзій складае 94% са 100%. "Удыхаючы новае жыццё ў старажытную прыгоду дзякуючы велічнаму размаху і бездакорнай працы грандыёзнага акцёрскага ансамбля, "Адысея" Крыстафера Нолана напаўняе міф першародным чалавечым пачуццём", — гаворыцца ў кансэнсусе кінакрытыкаў.
"Магчыма, пакуль яшчэ рана меркаваць, ці стала "Адысея" найлепшым фільмам Крыстафера Нолана. Але нават калі яна не адразу ўзначаліць асабісты топ кожнага гледача, адно здаецца бясспрэчным: гэты эпас проста абавязаны быць у спісе яго самых ноланаўскіх карцін", — пішуць у рэцэнзіі на Entertainment Weekly.
"Гэта блокбастар літаральна нябачанага раней маштабу. І адначасова — найлепшая праца Нолана на сённяшні дзень. Гэты фільм цалкам заслужана павінен стаць яго візітнай карткай", — адзначаюць у Independent.
Нягледзячы на актыўныя спрэчкі ў сацыяльных сетках вакол акцёрскага складу "Адысеі", дзе некаторых бянтэжыць выбар цемнаскурай актрысы на ролю Алены (Лупіта Ніонга) і трансмужчыны Эліата Пэйджа на ролю Сінона, нават кансерватыўныя амерыканскія СМІ пішуць пра "Адысею" станоўча.
"Гэта захапляльная, цудоўна знятая эпічная карціна, вартая прагляду на вялікім экране — чым большым, тым лепш", — піша Fox News.
А ў сваім аглядзе для The Daily Wire кансерватыўны блогер Бэн Шапіра (больш за 7 млн падпісчыкаў на YouTube) назваў "Адысею" не інакш як "шэдэўрам".
Гледачы прынялі фільм яшчэ цяплей, чым крытыкі. На тым жа Rotten Tomatoes сярод верыфікаваных карыстальнікаў сярэдняя ацэнка "Адысеі" складае 97 са 100 магчымых.
На IMDb новы фільм Нолана атрымаў 8,5 бала з дзесяці. Дзякуючы такім ацэнкам гледачоў "Адысея" ўжо трапіла ў топ-250 найлепшых фільмаў усіх часоў на гэтым партале.
Яшчэ на адным папулярным сайце, Letterboxd, "Адысея" мае 4,4 бала з 5 магчымых. На партале новы фільм Нолана заняў 67-е месца ў спісе найлепшых фільмаў у гісторыі.
На расійскім "Кінапошуку" фільму яшчэ да прэм'еры паспелі паставіць некалькі дзясяткаў тысяч ацэнак — у выніку сярэдні бал пакуль складае 7,6 з 10.
Відавочна, што актыўныя спрэчкі ў сацсетках не паўплывалі ні на ацэнкі гледачоў на папулярных сайтах, ні на касавыя зборы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут