Адвакат Саўчанка: У перамовах па абмене Надзеі Лукашэнку не было месца

26/05/2016 - 13:39

Даведка Еўрарадыё: Марк Фейгін — адвакат і палітык, у мінулым дэпутат Дзяржаўнай думы Расіі, віцэ-мэр Самары. У 2012 годзе ўвайшоў у 20 самых уплывовых юрыстаў па версіі часопіса GQ. Быў адвакатам Pussy Riot.

Еўрарадыё: Ці задаволеныя вы вынікам “справы Саўчанка”?

Марк Фейгін: Абмен — гэта адзіны магчымы сродак, які вызваляў Надзю ад адбыцця пакарання. Бо адбыццё пакарання на радзіме па Канвенцыі “Аб выдачы асуджаных” ці памілаванне былі адзіным сродкам пазбавіць яе ад расійскай турмы. Гэта вельмі важна. Нехта разважае як перфекцыяніст: “Як так: памілаванне нібыта ад трэціх асоб — сваякоў пацярпелых. Пуцін нейкую схему прыдумаў у сваіх інтарэсах”. Я лічу, калі размова ідзе пра палітычныя справы ў краіне, дзе няма незалежнага правасуддзя і незалежнай судовай сістэмы, любая спроба выратаваць абвінавачанага па палітычных матывах можа выяўляцца ў любой юрыдычна-працэсуальнай форме. Бо развагі кшталту “Давайце змагацца да канца, да апошняй кроплі крыві падабароннага” мне ўяўляюцца і абсурднымі, і несправядлівымі, і хлуслівымі. Галоўнае — вынік. Не “апраўдаць ці не апраўдаць” або нейкім іншым чынам, выкарыстоўваючы працэсуальную тэрміналогію, дамагчыся поспеху ў справе, а выратаваць. У палітычных справах пытанне не стаіць “выйграў — не выйграў” — гэта не англійскі суд, а выратаваў ці не. Дык вось, Надзею Саўчанка выратавалі. У адрозненне ад Карпюка, якога катавалі, ад Сянцова, якога катавалі: ФСБэшнікі нацягвалі мех на галаву ў Крыме. У адрозненне ад шмат каго іншага, якім дасталася больш сур’ёзна, чым Надзі, дзякуючы толькі палітычнасці абароны і публічнасці гэтай справы. Вось таму я лічу задавальняючым гэты вынік, бо мы яе выратавалі.

Еўрарадыё: Як вы даведаліся, што абмен усё ж адбудзецца?

Марк Фейгін: Дэталі былі невядомыя да апошняга — я гэтага не ведаў. Ды і зразумела: гэта было як умовы ажыццяўлення спецаперацыі. Мяркую, дамаўляліся першыя асобы, і гэта была адна з умоў, каб усё захоўвалася ў таямніцы. І пра тое, што ўсё адбудзецца ў сераду, мне паведамілі людзі з Кіева за дзень да абмену. Па шчырасці, я да апошняга не верыў, бо меў скепсіс наконт магчымасці такога варыянту. Толькі праз паводзіны расійскіх уладаў. Калі ўкраінскі прэзідэнт агучваў усё, што ён робіць у гэтай справе, то расійская ўлада захоўвала маўчанне, даючы сабе люфт, каб можна было ў любы момант адмовіцца ад дамоўленасцяў. Бо яны дасягнутыя непублічна.

Еўрарадыё: А Саўчанка як даведалася пра абмен?

Марк Фейгін: Я толькі што прыехаў у Кіеў, сустрэнуся з ёй, і яна мне дэталі раскажа, як гэта было з боку турмы пададзена. Бо мы яе бачылі на мінулым тыдні, калі нічога не было вядома, а на гэтым тыдні да яе ніхто з адвакатаў не паспеў трапіць. Але думаю, што ў турме ёй абвясцілі пра абмен дзень у дзень, а загадзя не папярэджвалі. 

Марк Фейгін і Надзея Саўчанка

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі