Ад дзейнасці сацсеткавай крамы “Маргарытка” пацярпела больш за 30 чалавек

03/10/2016 - 10:43

Ад дзейнасці сацсеткавай крамы “Маргарытка” пацярпела больш за 30 чалавек. Пра гэта Еўрарадыё заявіў афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэту па Мінску Аляксей Клімовіч:

“На дадзены момант можна казаць пра больш, чым 30 эпізодаў, якія ўжо выяўленыя следствам. Следствам разам з аператыўнымі супрацоўнікамі ГУУС Мінгарвыканкама праводзіцца комплекс мераў па высвятленні дакладнай колькасці пацярпелых. Бо заявы ў міліцыю працягваюць паступаць”.

Вядома, што цяпер пададзена каля 200 заяваў ад пакупнікоў “Маргарыткі”.

Па версіі следства, сацсеткавую краму маці і дачка стваралі, не збіраючыся выконваць фінансавыя абавязкі. Крама ў выглядзе групы ў сацыяльных сетках была створаная на пачатку 2015 года спярша ў "Аднакласніках", а пазней і ў "Вконтакте" ды Facebook. Ініцыятаркі прапаноўвалі купіць розныя тавары па коштах, ніжэйшых за рынкавыя. Для замовы пакупнік мусіў пералічыць поўны кошт пакупкі на адзін з разліковых рахункаў.

Упраўленне Следчага камітэта па Мінску пачало крымінальную справу на стваральніц крамы. Сума, на якую падманулі сваіх кліентаў прадпрымальніцы, пакуль не агучваецца.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі