Дом футбола ў Мінску / АБФФ
Беларуская федэрацыя футбола ігнаруе запыты польскай федэрацыі футбола на дазвол юным футбалістам гуляць у Польшчы. Справы завісаюць на год, а гэта азначае, што дзеці не могуць гуляць у афіцыйных матчах, што ломіць ім кар’еры. Гульняў з іх удзелам не бачаць скаўты, футбольныя агенты шматлікіх школ і акадэмій Польшчы. Ігнараванне запытаў пачалося масава з 2024 года. Раней справы разглядаліся значна хутчэй.
Еўрарадыё вядомы падрабязнасці аднаго такога выпадку. Гаворка ідзе пра 13-гадовага футбаліста з Беларусі. Ён пераехаў у Польшчу разам з бацькамі ў маі 2025 года, у яго сям’і бацька мае статус бежанца. На маці і бацьку ў Беларусі заведзены крымінальныя справы. Хлопец трэніруецца ў футбольнай школе вядомага варшаўскага клуба.
Праблема заключалася ў працэдуры міжнароднай футбольнай рэгістрацыі дзіцяці. Паводле інфармацыі сям’і, клуб, у якім цяпер трэніруецца падлетак, сумесна з Польскім футбольным саюзам (PZPN) больш за год спрабаваў атрымаць неабходную інфармацыю і пацвярджэнне ад асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” (АБФФ), аднак арганізацыя так і не адказала на запыты польскага боку.
Рэдакцыі вядома яшчэ пра некалькі падобных выпадкаў, калі дзеці чакаюць адказу АБФФ больш за год. Пры гэтым, напрыклад, рэгістрацыя ўкраінскіх дзяцей праходзіць на працягу 2–3 месяцаў.
Правілы FIFA прадугледжваюць спецыяльныя працэдуры для міжнароднай рэгістрацыі непаўналетніх футбалістаў. Пераход гульца, маладзейшага за 18 гадоў, мае шэраг асаблівасцей, аднак не з’яўляецца немагчымым. Пры гэтым існуюць спецыяльна прадугледжаныя выключэнні, у тым ліку гуманітарнага характару.
Таму клуб і польская федэрацыя, не дачакаўшыся адказу беларускага боку, пачалі працэс легалізацыі па механізме, калі адзін з бацькоў знаходзіцца пад міжнароднай абаронай. Гэты шлях не прадугледжвае адказу і ўмяшання беларускага боку.
Пасля амаль года чакання адказу з Беларусі справа хлопца пайшла па гэтым трэку, і ён праз пару месяцаў ужо атрымаў рэгістрацыю ў PZPN. Цяпер чакаецца адабрэнне FIFA, і ён нарэшце зможа гуляць у польскіх лігах і далей будаваць сваю кар’еру.
І гэта не азначае, што дзіця абавязкова будзе выступаць за зборную Польшчы па футболе. Хлопец можа сам у будучыні выбраць краіну, колеры сцяга якой будзе абараняць.
Але не ўсе бацькі беларускіх дзяцей знаходзяцца пад міжнароднай абаронай, каб скарыстацца гэтым шляхам легалізацыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут