ААН не падтрымлівае крымінальную адказнасць за спажыванне наркотыкаў у Беларусі

04/03/2016 - 13:48

У Мінску прадставілі апошні даклад Міжнароднага камітэта па кантролю за наркотыкамі ААН. Падчас прэс-канферэнцыі галоўны нарколаг Мінздароўя Іван Канаразаў і каардынатар Аб’яднанай праграмы ААН па барацьбе з ВІЧ/СНІД (ЮНЭЙДС) Вера Ільянкова сышліся ў думцы, што нарказалежным у Беларусі аказваецца адэкватная медыцынская дапамога. Як пазітыўны момант назвалі тое, што ў нас практыкуецца замяшчальная тэрапія і дазваляюць спажываць наркатычныя анальгетыкі ракавым і псіхічным хворым.

“Аднак ААН не падтрымлівае крымінальную адказнасць за спажыванне наркотыкаў (артыкул 3282 крымінальнага кодэксу, — Еўрарадыё). Мы лічым, што гэта захворванне. Такія людзі маюць патрэбу ў аказанні медыцынскай дапамогі, а не ў пакаранні”, — адзначыла Ільянкова.

У галоўнага нарколага пацікавіліся меркаваннем наконт прысуду акцёру Купалаўскага тэатра Арцёму Бародзічу, якога пакаралі пяццю гадамі пазбаўлення волі за захоўванне марыхуаны з мэтай распаўсюджання. Гэта крымінальная справа выклікала дыскусіі. Відавочна, што каноплі не ўплываюць на чалавека гэтак жа разбуральна, як гераін ці хімічныя спайсы. Але беларускі суд карае за ўсё аднолькава жорстка.

“Тое пытанне, якое вы задалі, дакладна не па адрасе. Наколькі мы правамоцныя адказваць на гэта пытанне ў прынцыпе? У нас можна спытацца, як лячыць людзей і якое ўздзеянне гэтага рэчыва. Пытанне, якое вы задалі, было не па адрасе”, — сышоў ад адказу галоўны нарколаг Мінздароўя.

Што тычыцца ўплыву марыхуаны на арганізм чалавека, Канаразаў адзначыў:

“Я хачу сказаць, што спажыванне дадзенага віду наркатычнага сродку таксама выклікае залежнасць. Доўгатэрміновае спажыванне марыхуаны можа прывесці да прыдуркаватасці”.

Якая ў Беларусі сапраўдная колькасць наркаспажыўцоў?

Як лічаць у беларускім прадстаўніцтве ААН, колькасць ін’екцыйных спажыўцоў у апошнія гады знізілася прыкладна на 11%. Здарылася гэта пасля антынаркатычнага дэкрэта 2014-га года.

“Паводле апошніх дадзеных Дазорнага эпіднагляду, лічба ін’екцыйных наркаспажыўцоў цяпер — каля 66,5 тысяч чалавек. Некалькі гадоў таму было каля 75 тысяч. Але гэта ацэначныя дадзеныя”, — паведамляе Вера Ільянкова.

Дадзеныя датычна неін’екцыйных наркаспажыўцоў, якія не колюцца, а спажываюць наркотыкі іншым шляхам, прадстаўніца ААН не назвала.

Колькі насамрэч у Беларусі было наркаспажыўцоў у 2014 годзе 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі