5 найбольш верагодных сцэнарыяў змянення Канстытуцыі

12/10/2016 - 12:15

7 кастрычніка кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што Беларусь саспела да зменаў у Канстытуцыі. Для іх распрацоўкі, маўляў, ужо гатовыя склікаць савет "мудрацоў". Пакуль не вядома, калі адбудуцца змены (нібыта, яны будуць уведзеныя праз рэферэндум). А таксама, хто будзе анансаванымі кіраўніком краіны "мудрацамі". Таму Еўрарадыё знайшло сваіх ― палітолагаў Дзяніса Мельянцова і Андрэя Казакевіча, а таксама былога суддзю Канстытуцыйнага суда Міхаіла Пастухова.

 

Варыянт 1 ― пераход да парламенцкай рэспублікі (выбараў прэзідэнта не народам, а парламентам).

"Калі сапраўды нашы ўлады збіраюцца гуляцца ў суверэнную дэмакратыю на расійскі манер, каб прадэманстраваць, што ёсць і парламент, і партыйная сістэма, то магчымыя змены ў бок не прэзідэнцкай рэспублікі, а прэзідэнцка-парламенцкай", ― кажа палітолаг Дзяніс Мельянцоў. Пры гэтым эксперт дадае, што парламенцкая рэспубліка яшчэ не значыць ― больш дэмакратычная. У Беларусі куды больш важна, як сістэма дзейнічае ў рэальнасці, а не тое, як яна апісаная на паперы ў Канстытуцыі.

Пра тое, што мы можам перайсці да парламенцкай рэспублікі, кажа і былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў. Ён спасылаецца на нядаўні вопыт Арменіі.

"Магчымы так званы армянскі варыянт. У снежні 2015 года ў Арменіі прайшоў канстытуцыйны рэферэндум, які зацвердзіў пераход да выбараў прэзідэнта дэпутатамі парламента", ― расказвае Міхаіл Пастухоў.

Калі сапраўды нашы ўлады збіраюцца гуляцца ў суверэнную дэмакратыю на расійскі манер, каб прадэманстраваць, што ёсць і парламент, і партыйная сістэма, то магчымыя змены ў бок не прэзідэнцкай рэспублікі, а прэзідэнцка-парламенцкай

Дзяніс Мельянцоў

Варыянт 2 ― змены ў выбарчай сістэме.

Гэта дапускаюць усе тры апытаныя эксперты. Гаворка ідзе пра магчымасць выбараў у парламент па партыйных спісах. То бок, калі галасуеш не за канкрэтнага чалавека, а за партыю. А партыя ўжо вырашае, каго накіраваць у парламент (калі набярэ дастатковую колькасць галасоў, вядома). Тэарэтычна, для укаранення такой сістэмы Канстытуцыю мяняць не трэба ― дастаткова змяніць выбарчае заканадаўства. Аднак калі пераходзіць да парламенцкай рэспублікі (як апісана пунктам вышэй), то варта прапісваць змены адразу ў асноўным законе краіны.

 

Варыянт 3 ― адмена смяротнага пакарання.

"Кіраўнік дзяржавы спасылаўся, што так вырашыў народ на рэферэндуме 1996 года. Таму можна яшчэ раз прапанаваць з абавязковым вынікам выказаць свае думкі на гэты конт. Гэтага патрабуе і грамадства, і Еўропа", ― мяркуе Міхаіл Пастухоў. Такі варыянт пераменаў таксама выглядае цалкам верагодным. Зноў жа, і рэферэндум патрэбны ― усё сходзіцца. З іншага боку, для пазітыўнай рэакцыі грамадства і Захаду адмяняць смяротнае пакаранне ў Канстытуцыі зусім не трэба ― дастаткова ўвесці мараторый. Зрабіць гэта можна за лічаныя дні без дарагіх рэферэндумаў, адным указам кіраўніка краіны.

Кіраўнік дзяржавы спасылаўся, што так вырашыў народ на рэферэндуме 1996 года. Таму можна яшчэ раз прапанаваць з абавязковым вынікам выказаць свае думкі на гэты конт. Гэтага патрабуе і грамадства, і Еўропа

Міхаіл Пастухоў

Варыянт 4 ― касметычная карэкцыя (адмова ад згадак пра гаспадарчыя суды).

"У нас ужо гады тры ці чатыры скасаваная сістэма гаспадарчых судоў. А ў Канстытуцыі яшчэ застаецца Вышэйшы гаспадарчы суд, напрыклад. Гэта відавочнае парушэнне, яго трэба неяк зняць", ― кажа Міхаіл Пастухоў.

Гэта насамрэч так ― у Канстытуцыі мы маем Вышэйшы гаспадарчы суд, а на практыцы ― не. Так што, перапісаць тэкст асноўнага закона трэба. З іншага боку, навошта для такога дробнага пытання склікаць савет "мудрацоў" і праводзіць рэферэндум? Відаць, улады ўсё ж задумалі нешта больш сур'ёзнае.

Мы маем праблему з Верхняй палатай парламента. Яна шмат па якіх параметрах нефункцыянальная, альбо увогуле лішняя. І яе можна ўвогуле прыбіраць. Хаця здавалася, ніякіх дыскусій на гэты конт не вялося. Але пераразмеркаванне абавязкаў выглядала б лагічным

Андрэй Казакевіч

Варыянт 5 ― ліквідацыя Савета рэспублікі.

"Мы маем праблему з Вышэйшай палатай парламента. Яна шмат па якіх параметрах нефункцыянальная, альбо увогуле лішняя. І яе можна ўвогуле прыбіраць. Хаця здавалася, ніякіх дыскусій на гэты конт не вялося. Але пераразмеркаванне абавязкаў выглядала б лагічным", ― кажа палітолаг Андрэй Казакевіч.

На думку эксперта, падзел парламента на дзве часткі быў зроблены з вялікай доляй перастрахоўкі ад злосных апазіцыянераў. У страха вочы вялікія і апазіцыя ў 90-ыя была іншай. Цяпер жарсці супакоіліся, таму можна вярнуць больш простую парламенцкую сістэму, адмяніць Савет Рэспублікі, альбо аб'яднаць яго з Палатай прадстаўнікоў.

"Некаторыя палажэнні Канстытуцыі былі прапісаныя, каб перастрахавацца. Ад перамогі апазіцыянераў на выбарах у парламент. Прычым, не на палову мандатаў, а на 70-80%. І з прадстаўніцтвам у Верхняй палаце. Гэта такія рэчы, якія з'яўляюцца нерэалістычнымі і нерэальнымі", ― мяркуе Казакевіч.

 

Вось такія варыянты. Усе эксперты сыходзяцца над тым, што кіраўнік краіны не мог ўзяць і "проста ляпнуць" пра змены у Канстытуцыі. Публічнае выказванне Лукашэнкі на гэты конт сведчыць ― рашэнне ўжо прынятае і адносна хутка мы даведаемся, якое менавіта.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі