12 праваабарончых арганізацый заклікаюць Сербію не экстрадыраваць беларуса Гнёта

14/06/2024 - 20:37

Андрэй Гнёт / фота з яго старонкі ў Інстаграме

12 праваабарончых арганізацый выступілі з сумеснай заявай да ўладаў Сербіі. Яны заклікаюць не экстрадыраваць у Беларусь палітуцекача, рэжысёра Андрэя Гнёта. Заява з'явілася на сайце Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH).

Праваабаронцаы нагадваюць, што ў Беларусі Гнёта могуць чакаць катаванні ды іншыя віды жорсткага абыходжання. Яны падкрэсліваюць, што ў краіне адбываюцца грубыя парушэнні правоў чалавека, многія з якіх можна прыраўняць да злачынстваў супраць чалавечнасці. Экстрадыцыя Гнёта ў Беларусь уяўляе істотную пагрозу жыццю і здароўю палітуцекача.

"У дадатак да грубых і сістэматычных парушэнняў права на справядлівы суд, якія прыводзяць да палітычна матываваных працэсаў, адсутнасці доступу да незалежных адвакатаў і несувымерных прысудаў, палітвязні ў Беларусі сутыкаюцца з катаваннямі і жорсткім абыходжаннем у беларускіх месцах утрымання пад вартай, якія сумна вядомыя сваімі жорсткімі ўмовамі", — падкрэсліваецца ў заяве. Як прыклад праваабаронцы згадваюць неабгрунтаванае змяшчэнне вязняў у штрафныя ізалятары, утрыманне без сувязі са знешнім светам, адмову ў доступе да медыцынскай дапамогі, адвакатаў і спатканнях са сваякамі.

Сербіі нагадваюць, што яна абавязаная выконваць міжнародныя абавязанні ў галіне правоў чалавека: яна з'яўляецца дзяржавай-удзельніцай Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека (ЕКПЧ), Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП) і Канвенцыі ААН супраць катаванняў (КПП ААН).

Заяву падпісалі беларускія, замежныя і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі: цэнтр "Вясна", Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, "Еўрапейскі абмен", Інстытут правоў чалавека Міжнароднай асацыяцыі юрыстаў (IBAHRI), Італьянская федэрацыя па правах чалавека (FIDU), Фонд "Дом правоў чалавека" (HRHF), Libereco (Германія, Швейцарыя), Нарвежскі Хельсінкскі Камітэт, "Усходняя група за дэмакратыю і правы чалавека" (Östgruppen), "Людзі ў бядзе", "Паважаць-абараняць-забяспечваць" (RPF).

41-гадовы Андрэй Гнёт — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, а таксама сузаснавальнік  Свабоднага аб'яднання спартоўцаў SOS BY, якое ў Беларусі прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем". Рэжым Лукашэнкі абвясціў яго ў вышук, абвінаваціўшы ў нявыплаце падаткаў. Гнёта затрымалі ў Сербіі ў кастрычніку 2023 года, сем месяцаў ён правёў у сербскай турме. 13 чэрвеня сербскі суд прыняў рашэнне пра яго экстрадыцыю ў Беларусь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі