З'явіліся здымкі з суда ў Гродне над зоркай беларускага "Што? Дзе? Калі?"

15/04/2024 - 12:31

Фёдар Шведаў у судзе / sb.by

З'явіліся здымкі з суда ў Гродне над зоркай беларускага "Што? Дзе? Калі?". Фёдара Шведава абвінавачваюць у "фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання". На яго руках кайданкі.

Справу з панядзелка разглядае Гродзенскі абласны суд. БЕЛТА не называе прозвішча Шведава, піша пра "жыхара Ашмянскага раёна".

Сцвярджаецца, што Фёдар Шведаў са снежня 2020-га да сакавіка 2021 года ажыццявіў перавод грошай на банкаўскія рахункі прадстаўнікоў "экстрэмісцкіх фармаванняў" (якіх менавіта, не ўдакладняецца).

Высветлілася, што зорку "Што? Дзе? Калі?" судзяць за данаты агулам на 105 рублёў: ён заданаціў 52 рублі 88 капеек ініцыятыве "Честные люди", 26 рублёў 7 капеек — ініцыятыве "Беларуская Рада культуры", яшчэ 26 рублёў 20 капеек — фонду By_Help.

За гэта пагражае да 8 гадоў калоніі.

Фёдару Шведаву 48 гадоў. Ён са Светлагорска, скончыў фізфак Гродзенскага дзяржуніверсітэта. Разам з сям'ёй жыве ў Ашмянах, мае траіх дзяцей (двое дарослых і адзін непаўнагадовы). У "Што? Дзе? Калі?" гуляе з 2006 года, удзельнічаў амаль ва ўсіх рэспубліканскіх спаборніцтвах. У 2017-м Шведаў атрымаў Вялікую крыштальную саву як лепшы гулец сезона.

Як піша sb.by, Фёдар Шведаў быў затрыманы 26 студзеня 2024-га. Пра тое, што яго збіраюцца судзіць, стала вядома ў пачатку красавіка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі