З'явілася інфармацыя пра ліміт заробкаў для беларускіх футбалістаў

29/04/2021 - 07:34

З'явілася новая інфармацыя пра ліміт заробкаў для беларускіх футбалістаў. Клубы атрымалі адпаведны ўрадавы дакумент, расказаў "Трыбуне" Аляксандр Свярчынскі, былы футбаліст, які стварыў асацыяцыю гульцоў.

"Гэта абсалютна рэальны ліміт на заробкі, — кажа Свярчынскі. — Не той, пра які казала зімой АБФФ, пра гэтае абстрактнае. Гэта рэальныя лічбы".

Устаноўленыя максімальныя заробкі "нельга перавышаць ні пры якіх абставінах". Праўда, для кожнага клуба ліміт "будзе індывідуальны ў залежнасці ад таго месца, якое клуб заняў у мінулым годзе". Напрыклад, першыя тры каманды эліты не могуць плаціць футбалістам заробкі, большыя за 8 тысяч рублёў (гэта каля 3100 долараў). Выключэнне будзе толькі для гульцоў нацыянальнай зборнай Беларусі. "Магчыма, у некаторых клубах максімальная зарплата будзе складаць і тры тысячы рублёў", — кажа Аляксандр Свярчынскі.

"Таму вельмі цікава, як сябе павядуць клубы, — працягвае Свярчынскі. — Як яны будуць абыходзіць гэты дакумент, паколькі ён складзены досыць выразна і пісьменна. Відаць, што зверху не хапае грошай...".

Раней была інфармацыя, што АБФФ плануе ўвесці столь заробкаў у нацыянальным чэмпіянаце — 15 тысяч рублёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі