ЗША выкрылі расійскую шпіёнскую сетку, якая рыхтавала дыверсіі ў Еўропе

16/09/2026 - 09:08

Расійская шпіёнская сетка рыхтавала забойствы і дыверсіі, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Мінюст ЗША заявіў пра раскрыццё расійскай шпіёнскай сеткі. Яе ўдзельнікі рыхтавалі дыверсіі ў Еўропе і забойствы апазіцыянераў па заданні расійскіх спецслужбаў.

Абвінавачанні выстаўленыя супраць пяці чалавек. Як мяркуецца, удзельнікі сеткі шукалі выканаўцаў, якія б сачылі за расійскімі апазіцыянерамі і маглі іх забіць. Таксама агенты рыхтавалі дыверсіі супраць аб'ектаў грамадзянскай і ваеннай інфраструктуры.
 
Паведамляецца, што ўлетку 2026-га сетка завербавала чалавека для забойства вядомага расійскага апазіцыянера, які жыве ў ЗША. Яго імя не называецца. За яго забойства выканаўцу абяцалі 40 тысяч долараў. Летась тая ж сетка шукала кілера для расійскага апазіцыянера, які жыве ў Літве.
 
Паводле звестак ФБР, у сетку ўваходзілі былы палкоўнік расійскіх спецслужбаў 63-гадовы Юрый Храмееў і ягоны 27-гадовы сын Кірыл Храмееў, афіцэр ФСБ. Вярбоўкай людзей для забойстваў і дыверсій займаўся кубінец Оэміс Рамагоса Дурруці, які жыве ў Расіі. Таксама ў сетку ўваходзілі кубінец Яідэль Дэльгада Суарэс і венесуэлец Анхель Эдуарда Кастра.
 
Усім ім выстаўленыя абвінавачанні ў змове з мэтай фінансавання тэрарызму. Юрый Храмееў, Суарэс і Кастра таксама абвінавачаныя ва ўдзеле ў змове з мэтай здзяйснення заказнога забойства.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі