Зноў абстралялі Мікалаеў і Нікапаль — 145-я раніца вайны ва Украіне

18/07/2022 - 07:31

У ноч на панядзелак расіяне зноў абстралялі Мікалаеў. Было чуваць каля 10 моцных выбухаў, паведаміў гарадскі галава Аляксандр Сянкевіч. Нагадаем, мінулай ноччу па Мікалаеву таксама быў нанесены ракетны ўдар.

"Нас зноў абстралялі",піша раніцай і кіраўнік Днепрапятроўскай адміністрацыі Валянцін Разнічэнка. Па горадзе Нікапалю білі рэактыўныя сістэмы залпавага агню — больш за 60 снарадаў упалі на жылыя кварталы і гарадскую інфраструктуру. Паводле слоў Разнічэнкі, папярэдне паранены 1 чалавек — гэта жанчына 75-ці гадоў. Яна ў бальніцы.

"Разбураныя з дзясятак прыватных жылых дамоў. Пашкоджаны вадаправод і газаправод на адной з вуліц. Закранула бальніцу, прамысловае і энергетычнае прадпрыемства, порт", — распавядае кіраўнік адміністрацыі.

Дом у Нікапале, які пацярпеў ад ракетнага абстрэлу /@dnipropetrovskaODA

Падчас баявых дзеянняў 17 ліпеня расіяне не змаглі дамагчыся якіх-небудзь пацверджаных тэрытарыяльных заваёў, гаворыцца ў справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны. Хоць баявыя дзеянні вяліся. Асноўная ўвага расіян цяпер сканцэнтраваная на наступе ў раёне Северска і Бахмута. У мінулыя суткі расійскія войскі працягвалі тут абмежаваныя наземныя атакі — баі ішлі вакол Северска, Бахмута і Данецка. Акрамя таго яны абстрэльвалі грамадзянскую і ваенную інфраструктуру па ўсім Данбасу. Але адначасова, лічаць у Інстытуце, расіяне будуць старацца ўтрымаць пазіцыі на поўначы ад Харкава і ўздоўж паўднёвага кірунку.

Эксперт Інстытута Наталля Бугаева ў інтэрв'ю "Украінскай праўдзе" выказала меркаванне, што з часам расіяне пойдуць у наступ і на Адэсу.

"Казаць зараз аб Адэсе заўчасна, пакуль яны не завяршылі Данбас. Але іх намеры не змяніліся", — мяркуе эксперт. Паводле яе слоў, Адэса для расіян у пэўным сэнсе сакральная, але з ваеннага пункту гледжання пакуль у іх няма магчымасці яе захапіць.

"Калі яны акапаюцца на поўдні, пасля будзе наступ на Адэсу. І Адэса ў іх будзе адной з першых мэтаў – яна патрэбна ім не толькі для кантролю над поўднем Украіны, кантролю над Чорным морам, плюс яна мае значэнне для Малдовы, і для Прыднястроўя", — патлумачыла Бугаева.

Карта баявых дзеянняў па стане на вечар 17 ліпеня 2022 года / understandingwar.org

Расія з пачатку вайны ў лютым 2022 года выпусціла па Украіне больш за тры тысячы ракет, заявіў у традыцыйным звароце прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Ён таксама адрэагаваў на пагрозу намесніка старшыні Рады бяспекі РФ Дзмітрыя Мядзведзева зладзіць Украіне "Судны дзень", калі яна "нападзе" на акупаваны Расіяй Крым. Зяленскі загаварыў пра Судны дзень для Расіі — але, по яго словах, гэта будзе не ядзерны ўдар, на які намякаў Мядзведзеў, а разгляд спецыяльным трыбуналам вайсковых злачынстваў расійскага кіраўніцтва.

"Гэта для Расіі будзе Судны дзень. І не ў пераносным сэнсе, не як гучны выраз, а літаральна", — заявіў кіраўнік украінскай дзяржавы. Нагадаем, на мінулым тыдні больш за 40 краін-удзельніц міжнароднай канферэнцыі, якая праходзіла ў Гаазе, абмяркоўвалі перспектывы дакументавання ваенных злачынстваў і судовага пераследу. 

У акупаваным Мелітопалі (гэта горад у Запарожскай вобласці) расіяне пачалі падрыхтоўку да "рэферэндуму". Яны плануюць правесці яго ў пачатку верасня, а праўкраінскіх жыхароў хочуць дэпартаваць. Гэта сцвярджае мэр Мелітопаля Іван Фёдараў.

Па яго словах, расіяне цяпер збіраюць дадзеныя аб грамадзянах. Для гэтага перакрываюць цэлыя мікрараёны. Да прыкладу, у суботу быў перакрыты раён Новы Мелітопаль, у якім пражываюць больш за 30 тысяч чалавек. Са слоў мэра, расійскія вайскоўцы заходзілі ў кожны дом і апытвалі людзей.

"Пытаюцца, колькі людзей тут [у хаце] пражывае, хто сваякі, якую маёмасць яны маюць, як ставіцеся да рускіх, як да Украіны. Калі хтосьці кажа, што добра — распранаюць, шукаюць татуіроўку. Таксама пытаюць аб сваяках у АТА, могуць праводзіць ператрус",цытуе мэра "Громадське".

Фёдараў мяркуе, што на аснове гэтых звестак расіяне "будуць рабіць фэйкавыя апытанні або псеўдарэферэндумы".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі