Знедаведчаныя. Мінадукацыі прыдумала, як закрыць выпускнікам шлях у Польшчу

15/05/2024 - 16:48

Студэнты чакаюць рашэння / univerpl.com.ua

Мама беларускага выпускніка, які плануе паступаць у Польшчу, апавяла Еўрарадыё пра сур'ёзную праблему. У Мінадукацыі яе сыну адмовіліся выдаць даведку аб пацверджанні атэстата, якую патрабуе польскі ўніверсітэт.

Больш за тое, там сказалі, што такую даведку ў прынцыпе не выдаюць. Казаць пра тое, што дакумент патрэбны для паступлення за мяжу, жанчына пабаялася.

Не хацелася б падстаўляцца, — кажа яна.

У польскім Міністэрстве адукацыі пра праблему ведаюць. Але разводзяць рукамі: маўляў, парадак для ўсіх аднолькавы і падстаў для скідак беларусам няма. Але 24 траўня сітуацыя можа змяніцца. Да гэтай даты абітурыенты, якія мараць пра вучобу ў Польшчы, знаходзяцца ў трывожным чаканні.

Расказваем, што адбываецца і на што можна спадзявацца.

 

Даведкі ўжо не выдаюць, але яшчэ патрабуюць


Кіраўнік "Беларускага моладзевага хаба" Алесь Лапко кажа, што польскія ВНУ і раней патрабавалі такую даведку. Але ў Беларусі атрымаць яе было нашмат прасцей, чым цяпер.

Іх выдавалі ў Міністэрстве адукацыі, там жа можна было зрабіць апастылі і іншыя дакументы. Але за апошні год многія афіцыйныя паперы выкраслілі са спісу тых, якія можна атрымаць. Цяпер сітуацыя такая: у Беларусі даведак ужо не выдаюць, а ў Польшчы іх усё яшчэ патрабуюць.

Гэтая даведка — шаблонны дакумент, які раней ішоў у агульным камплекце. Своеасаблівы дазвол, што чалавек можа працягваць атрымліваць вышэйшую адукацыю — у Беларусі ці за мяжой.

Зараз мы і іншыя арганізацыі, якія дапамагаюць беларускім студэнтам у Польшчы, спрабуем дастукацца да польскіх уладаў. Днямі ў нас адбылася сустрэча з прадстаўнікамі "Кураторыума Асветы" (орган кіравання адукацыяй, які дзейнічае ва ўсіх ваяводствах Польшчы) у Варшаве. Яны ўсё разумеюць і вельмі хацелі б дапамагчы беларусам, але не могуць нічога вырашаць без загаду польскага Міністэрства адукацыі.

Па словах Лапко, у польскіх ВНУ зараз навучаецца больш за 12 тысяч беларусаў. Ахвотнікаў туды паступіць таксама дастаткова.

Як нам расказалі на сустрэчы, 24 траўня пройдзе закрытая Zoom-канферэнцыя Кураторыумаў усіх ваяводстваў з Міністэрствам адукацыі, дзе ў тым ліку будуць узнімацца пытанні беларускіх абітурыентаў. Неабходна данесці, што гэта важна не толькі для саміх беларусаў, але і для Польшчы наогул. Відавочна, што праблему трэба вырашаць тут і цяпер, паколькі набліжаецца новая ўступная кампанія, і многія выпускнікі могуць проста згубіць цэлы год.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі