Знік кіраўнік выбарчага штаба Віктара Цярэшчанкі

10/09/2015 - 12:18

Больш за тыдзень на сувязь не выходзіць Алег Несцеркаў, кіраўнік ініцыятыўнай групы Віктара Цярэшчанкі. Пра гэта агенцтву БелаПАН паведаміў сам палітык, які выбыў з прэзідэнцкай гонкі.

"Два яго мабільныя тэлефоны адключаныя, чальцы майго штаба спрабавалі яго знайсці, але не знайшлі. Кудысьці ад'ехаць ён не мог. Падобна, тут нешта адбылося з ім, але мы б пра гэта ведалі", — заявіў Цярэшчанка.

Ён дадаў, што са сваякамі Несцеркава прадстаўнікі штаба не звязваліся, бо той жыве адзін. Заяву ў вышук таксама пакуль не падавалі, але збіраюцца гэта зрабіць.

Цярэшчанка мяркуе, што на кіраўніка яго выбарчага штаба аказваецца ціск, альбо ён знаходзіцца ў стане шоку пасля таго, як экс-прэтэндэнту на прэзідэнцкую пасаду стала кепска ў кавярні. Нагадаем, што 28 жніўня Цярэшчанку шпіталізавалі пасля выпітага ў кавярні маркоўнага фрэшу. Палітык упэўнены, што яго атруцілі.

Пры гэтым экс-прэтэндэнт у прэзідэнты не думае, што начальнік яго штаба збег. Ён называе паплечніка прыстойным чалавекам.

Нагадаем, што 9 верасня Цярэшчанка заявіў пра выхад з прэзідэнцкай кампаніі.

Фота: БелаПАН

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі