Знакамітая мінская крама “Ласунак” захавае свой профіль, але зменіць уласніка

30/03/2016 - 08:30

Крама кандытарскіх вырабаў і цукерак “Ласунак” у Мінску захавае сваю назву і профіль працы. Пра гэта БЕЛТА паведамляе са спасылкай на начальніка ўпраўлення гандлю і паслугаў Мінгарвыканкама Ніну Емяльянаву. Па словах чыноўніцы, у гэтай краме па-ранейшаму будуць прадаваць цукеркі, але зменіцца яе ўласнік.                     

31 сакавіка заканчваецца тэрмін дамовы арэнды памяшкання з ЗАТ “Ласунак”, якое мела намер перапрафіляваць фармат працы і адчыніць тут кавярню. Такія планы выклікалі грамадскі розгалас. Раней у Мінгарвыканкам звярталіся канцэрн “Белдзяржхарчпрам” і фабрыка “Камунарка” з просьбай даць у арэнду памяшканне для адкрыцця крамы падобнай да “Ласунка”. У выніку прынялі рашэнне на іх карысць. Уласнікам крамы стане “Камунарка”, але яна будзе прадаваць не толькі сваю прадукцыю, але і тавары іншых вытворцаў.

Тым не менш, на некаторы час “Ласунак” прыпыніць сваю працу: старыя ўласнікі павінны вывезці абсталяванне ў 10-дзённы тэрмін, а таксама трэба правесці шэраг юрыдычных працэдураў. Новы ўласнік вырашае пытанне пра захаванне старога калектыву. Адзначаецца, што крама будзе прастойваць непрацяглы час. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі