Беспілотнік, ілюстрацыйнае фота / t.me/flagshtok
У Ельскім раёне, размешчаным на мяжы з Украінай, міліцыя вырашыла праінструктаваць людзей, як паводзіцца пры знаходцы дрона. Адпаведны артыкул аднаго з участковых інспектараў надрукавала газета Ельскага райвыканкама "Народны голас", заўважыў сайт "Флагшток".
Міліцыянт падкрэсліў, Ельскі раён мяжуе з Украінай, "таму шанец сустрэць БпЛА значна вышэйшы, чым у іншых месцах Беларусі".
Як вядома, над Гомельшчынай нярэдка пралятаюць расійскія беспілотнікі падчас атак на Украіну, але часам бываюць і ўкраінскія.
Міліцыянт прапанаваў наступны алгарытм дзеяння ў выпадку выяўлення БПЛА:
— затэлефанаваць у міліцыю,
— паведаміць сваё прозвішча, імя і месца выяўлення аб'екта,
— апісаць характар паводзін лятальнага апарата,
— сказаць пра наяўнасць сістэмы відэаназірання на месцы, а таксама іншыя звесткі, якія ў яго спытаюць,
— адысці на бяспечную адлегласць,
— не фатаграфаваць беспілотнік,
— не тэлефанаваць каля дрона па мабільным тэлефоне,
— па магчымасці не дапускаць да яго іншых асоб да прыезду аператыўных службаў.
Дарэчы, забарона на фатаграфаванне звязаная з тым, што ўлады хаваюць звесткі пра выпадкі залётаў дронаў у Беларусь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут