Жыхара Бярэзінскага раёна судзілі за "гучную абразу Лукашэнкі"

30/04/2024 - 11:04

У фотарэпартажы з залы суда асуджанага не паказалі / t.me/berezinonews/

Жыхара Бярэзінскага раёна асудзілі за "абразу Лукашэнкі" на два гады абмежавання волі ("хіміі"). Як паведамляе раённая газета, старшыня суда Мікалай Кароль агучыў прысуд 30 красавіка, назваў пакаранне, якое і прасіў намеснік пракурора Бярэзінскага раёна Андрэй Філончык.

Здарэнне адбылося 12 лютага. 68-гадовы мясцовы жыхар знаходзіўся каля свайго дома. З нейкай прычыны да яго прыехалі міліцыянеры. У іх прысутнасці мужчына нешта сказаў на адрас Лукашэнкі. У паведамленні суда адзначаецца, што зрабіў гэта "наўмысна, дэманстрацыйна, гучна, публічна" і ў "непрыстойнай форме". Прысутныя міліцыянеры адразу ж склалі пратакол. У ім яны сцвярджалі, што парушальнік быў у стане алкагольнага ап'янення. На яго і спасылаўся мужчына, гаворачы пра прычыну свайго ўчынку. Сваю віну ён цалкам прызнаў.

У фотарэпартажы з залы суда асуджанага не паказалі.

Падобныя суды за "абразу Лукашэнкі" ці за "паклёп" на яго ўжо некалькі гадоў праходзяць па ўсёй Беларусі. Сілавікі сцвярджаюць, што ў асноўным беларусы рашаюцца выказацца пра Аляксандра Лукашэнку ў стане алкагольнага ап'янення.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі