Жыхар Лунінца прадаў арыштаванае аўто на запчасткі і сеў у калонію

21/06/2016 - 18:26

Жыхар Лунінца сядзе ў калонію ўзмоцненага рэжыму на 2 гады 9 месяцаў за тое, што незаконна распарадзіўся арыштаванай маёмасцю. 61-гадовы пенсіянер у сакавіку 2015 года пазбавіўся ўласнага аўто “Аўдзі-100”. Машыну арыштавалі ў рамках расследавання распачатай супраць мужчыны крымінальнай справы паводле ч.1 арт. 366 КК (гвалт або пагроза гвалтам у дачыненні службовай асобы). Праз некаторы час судовы выканаўца прыйшоў канфіскоўваць машыну, але яна знікла.

На парушальніка завялі новую справу — за ўтойванне (пры адсутнасці прыкметаў выкрадання) маёмасці, якая падпала пад опісь і арышт, здзейсненае асобай, якой гэтая маёмасць была даручаная (арт. 409 КК). 29 красавіка суд Лунінецкага раёна вынес рашэнне па гэтай справе — паўтара года пазбаўлення волі. З улікам неадбытага пакарання на яшчэ адным артыкуле (за гвалт у дачыненні службовай асобы) пенсіянеру канчаткова прызначылі пакаранне — 2 гады 9 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

У судзе лунінчанін патлумачыў, быццам думаў, што машыну яму вярнулі, а таму ён вырашыў прадаць яе незнаёмым людзям за 300 долараў на запчасткі. Ён прызначыў пакаранне сжорсткім і апратэставаў яго, аднак 21 чэрвеня калегія на крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда адхіліла скаргу і такім чынам прысуд набыў законную моц, перадае БелаПАН.

Раней у мужчыны было тры судзімасці.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі