Жодзінцы скардзяцца, што ў горадзе смярдзіць каналізацыяй

07/08/2026 - 12:07

Копанка-назапашвальнік у вёсцы Востраў / кадр з сацсетак

Жыхары Жодзіна некалькі месяцаў скардзяцца на моцны пах каналізацыі і гною. Людзі збіраюць подпісы і патрабуюць правесці праверкі, піша "Наша Ніва".

Два гады таму каля вёскі Востраў сталі капаць назапашвальнік. Прадстаўнікі водаканала запэўнівалі мясцовых жыхароў, што сучасныя ачышчальныя тэхналогіі спыняць распаўсюд непрыемных пахаў. Напачатку так і было: узімку іх амаль не адчувалася, а ўвесну — толькі час ад часу, калі вецер дзьмуў у бок горада.

Але з пачаткам спёкі сітуацыя змянілася. У сацсетках жыхары скардзяцца на невысносныя ўмовы, калі ў спёку дзьме вецер: "Па ўсім горадзе стаіць пах, быццам толькі што праехала машына з каналізацыяй. Ён можа трымацца дзень-два. Цяпер, калі спёка больш за +30, немагчыма ні знаходзіцца на вуліцы, ні адкрыць вокны дома. Проста смярдзіць каналізацыяй і гноем".

Тым часам Жодзінскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, як і Мінская абласная інспекцыя аховы навакольнага асяроддзя заяўляюць, што ўсё ў парадку. Маўляў, спецыялісты бралі на месцы пробы вады і паветра, але перавышэнняў забруджвальных рэчываў не выявілі. Узровень выкідаў нібыта адпавядае нарматывам.

Цяпер жодзінцы рыхтуюць калектыўны зварот у Камітэт дзяржаўнага кантролю і Міністэрства прыродных рэсурсаў. Яны просяць правесці паўторную праверку копанкі-назапашвальніка з удзелам незалежных спецыялістаў і грамадскіх прадстаўнікоў. Таксама яны прапануюць весці пастаянны кантроль за працай назапашвальніка і рэгулярна выкарыстоўваць сродкі для нейтралізацыі паху.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі