"Ева" Хаіма Суціна / Еўрарадыё
“Еву” адпусцілі. Цяпер карціну Хаіма Суціна зноў можна ўбачыць у галерэі “Арт-Беларусь”.
Хто пазіраваў мастаку, калі ён у 1928 годзе пісаў “Еву”, мы не ведаем. Але хто толькі не пазіраваў у вобразе Евы летась, калі яна стала першым сімвалам беларускага пратэсту!
Прэс-рэліз галерэі “Арт-Беларусь” быў больш чым стрыманым. Там проста паведамілі: з 23 чэрвеня галерэя “прэзентавала ўвазе аматараў мастацтва працы з карпарацыйнай калекцыі ААТ “Белгазпрамбанк”. Карэспандэнт Еўрарадыё вырашыла, што на пляцоўцы галерэі знойдзе больш эмоцый, чым у гэтым лаканічным паведамленні. І не памылілася.
“Ева” Суціна цяпер трошкі “Джаконда”. Сёння ў “Арт-Беларусь” ідуць, каб паглядзець на яе, сфатаграфаваць яе — ну і заадно ўбачыць Шагала на суседняй сцяне. Кажуць, калі доўга глядзець на “Еву”, можна нават не ўтрымацца і зрабіць сэлфі.
Нехта да карціны падыходзіць дзёрзка і напрасткі. Нехта набліжаецца вельмі акуратна, літаральна выглядаючы з-за кута.
— Проста я хачу паглядзець на “Еву” у самым канцы. Калі агледжу ўсё іншае, — дзеліцца з карэспандэнткай Еўрарадыё адна з наведніц галерэі.
Карціна месціцца ў самым цэнтры залы. Каб адкласці яе напотым, даводзіцца перасоўвацца бачком.
— Я не ведаю, як гэта вытлумачыць. Не мурашкі, а проста мурашы па скуры. Эмоцыі перапаўняюць. Колькі я тут знаходжуся? Не ведаю, губляю адчуванне часу, — кажа Наталля.
Яна хоча пакінуць водгук у кнізе прапаноў, і мы дамаўляемся сустрэцца на выхадзе з галерэі, каб паназіраць, як “мурашы” ператвараюцца ў водгук.
Сяброўкі Таццяна і Аляксандра сёння планавалі разглядаць сімбаль рэвалюцыі ў іншым музеі — Азгура. Але ён зачыніўся а 18-ай гадзіне, а выстава ў “Арт-Беларусі” адкрылася. Так што замест бюстаў правадыроў рэвалюцыі дзяўчыны сёння знаёмяцца з партрэтам-сімвалам пратэстаў.
— Няможна было не прыйсці і не парадвацца. Шквал эмоцый, — кажа Аляксандра. — Так, тут ёсць шмат іншых цікавых твораў: і Шагал, і карта ВКЛ. Але сёння мы прыйшлі паглядзець на “Еву”.
І Шагал, і карта ВКЛ, і Цадкін, і адлічбаваныя кнігі Скарыны, і арыгінальная — Сімеона Полацкага, і іншыя карціны Суціна, урэшце. Але так, сіла кантэксту ў “Арт-Беларусі” сёння перамагае сілу мастацтва.
— Калі па-шчырасці, мне больш падабаецца стылістыка іншых прац Суціна. Так, колер, так, глыбіня. Але тут Суцін трохі пераймае Мадыльяні, — кажа іншая госця галерэі, Таццяна, пра "Еву". — Але я рада, што “Еву” вярнулі.
“Еву” нават не тое каб вярнулі. Госці кажуць, што яна ўвесь гэты час захоўвалася тут, за апячатанымі дзвярыма. То бок, тэхнічна і не знікала з галерэі. За яе можна не перажываць, умовы ўтрымання былі добрымі, яна магла б даць адпаведныя сведчанні.
Калі пра Еву кажуць мастацтвазнаўцы, яны заўважаюць, што натурніца глядзіць на мастака ці то з незадаволена, ці то з цікаўнасцю. Незадаволена — таму што прадбачыць, што Суцін не напіша яе рысы ідэальнымі, такі партрэт на аватарку не паставіш. З цікаўнасцю — таму што цікава, які яе ўбачыць прызнаны майстар, бо да таго моманту ў Суціна ў Парыжы ўжо адбылася персанальная выстава.
Цяпер ці то з цікаўнасцю, ці то з незадаволена Ева глядзіць на гасцей галерэі пасля года зняволення. Незадаволена — таму што за гэты год было неідэальнае і цяжкае. З цікаўнасцю — таму што цікава, што будзе далей.
Не робячы прагнозаў на тое, што будзе далей, раскажам пра сёння: да вечара, калі працоўны дзень скончыўся, на выставу ўжо прыйшло каля ста наведнікаў.
Хаім Суцін нарадзіўся ў Смілавічах. Той хаты даўно няма. Са Смілавіч ён з'ехаў у Мінск, потым — Вільня, а адтуль — у Парыж. Сам Суцін у Беларусь больш не вярнуўся. Толькі яго карціны — тры з іх купіў і прывёз Белгазпрамбанк.
Цягам года “Еву” Суціна можна было бачыць усюды — на футболках, на торбах, у выглядзе налепак на вадасцёкавых трубах. Толькі не ў галерэі “Арт-Беларусь”, адкуль яе вынеслі разам са 150 іншымі творамі мастацтва у сярэдзіне чэрвеня мінулага года.
— Калі вы бачылі “Еву” у апошні раз? — пытаемся ў наведніцы галерэі.
— Я яе кожны дзень бачу на сваёй торбе.
Калекцыю Белгазпрамбанка тады “далучылі” да крымінальнай справы. Гледачоў “Беларусь-1” палохалі страшнай сумай, у якую ацанілі карціны і іншыя “далучаныя” прадметы мастацтва — 20 мільёнаў долараў.
А галерэя “Арт-Беларусь” тым часам круціла на сваіх спусцелых прасторах іншыя ролікі. У памяшканні ўсталявалі тэлевізар і паказвалі ранейшыя сюжэты, у якіх дыктары тых жа дзяржканалаў наперабой хвалілі Белгазпрамбанк і асабіста Віктара Бабарыку за ўнёсак у мастацтва.
На сценах “Арт-Беларусі” замест карцін віселі QR-коды. Госці маглі даведацца, што было на гэтым месцы да таго, як мецэнацкай дзейнасцю Белгазпрамбанка зацікавіліся не толькі знатакі “парыжскай школы”.
Беларусам падабаўся сімвалізм: нейкая Ева, кабета, пра якую мы нічога не ведаем, стала першай асобай пратэсту-2020. І ў сваёй кульмінацыі пратэст знайшоў іншы твар: таксама кабеты, пра якую мы — тады — нічога не ведалі.
А ёсць сімвалізм, які вам не спадабаецца. Пра вызваленне “Евы” мы даведаліся на наступны дзень пасля таго, як для асноўнага фігуранта справы Віктара Бабарыкі пракурор папрасіў 15 гадоў пазбаўлення волі.
— Я гатова напісаць водгук, — кліча наша першая суразмоўніца. Да таго моманту яна правяла на невялікай пляцоўцы галерэі ўжо каля гадзіны.
Але кнігі водгукаў, якая была тут раней, ужо няма. Цяпер нагляднікі рэкамендуюць скарыстацца гугл-мапамі і пакінуць водгук там. Мы прапануем Наталлі скарыстацца дыктафонам карэспандэнта Еўрарадыё і пакінуць водгук у гэтым рэпартажы.
Яе водгук такі ж кароткі, як прэс-рэліз галерэі. Толькі нашмат больш эмацыйны.
— Да слёз. Я шчаслівая, што змагла паглядзець Еве ў вочы. Я думаю, нам было што адзін аднаму сказаць. “Ева” вельмі прыгожая. Вяртанне гэтай калекцыі асабіста для мяне за апошні час адна з самых пазітыўных, жыццесцвярджальных навін.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут