Украінцу пасля беларускай калоніі трэба даказаць праўкраінскую пазіцыю, каб не ваяваць

06/04/2026 - 16:18

Аляксандр Катовіч / Асабісты архіў суразмоўцы

Украінцу Аляксандру Катовічу, які адбыў 2 гады ў беларускай калоніі, дома трэба даказаць, што яго затрымлівалі за праўкраінскую пазіцыю. Сам факт затрымання не з’яўляецца падставай для адтэрміноўкі ад мабілізацыі, сказала ў інтэрв’ю для hromadske кіраўніца Медыйнай ініцыятывы па правах чалавека Таццяна Катрычэнка.

"Дзяржава не дае ўсім грамадзянскім, хто знаходзіўся ва ўтрыманні, грамадзянскую адтэрміноўку ад мабілізацыі. Найхутчэй толькі невялікі працэнт людзей мае на яе права", — дадала Катрычэнка.

Жыхара Адэсы Аляксандра Катовіча мабілізавалі ва Украіне неўзабаве пасля вызвалення з беларускай калоніі. Ён правёў у зняволенні два гады, тры месяцы і 14 дзён за крытычныя каментары на адрас беларускай улады. У лістападзе 2025 года яго вызвалілі і абмянялі з іншымі грамадзянамі Украіны.

Але па вяртанні дадому ён не паспеў атрымаць ад украінскіх уладаў статус пацярпелага ад палітычнага пераследу краіны-агрэсара — яго мабілізавалі ў лютым. Такі статус даў бы ўкраінцу права на медыцынскую рэабілітацыю і афіцыйную адтэрміноўку ад вайсковай службы. Замест гэтага праз некалькі месяцаў пасля вызвалення з калоніі яго забралі ў армію.

Раней Еўрарадыё пісала, што ва Украіне атрыманне адпаведнага статусу звязана з бюракратычнымі праблемамі і паняццем "дзяржава-агрэсар", якой афіцыйна прызнаная толькі Расія.

Цяпер над справай Катовіча працуе адвакат. Еўрарадыё працягвае сачыць за гісторыяй украінца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі