Згуртаванасць і салідарнасць: чаму заўзятары байкатуюць беларускі футбол

03/03/2021 - 09:14
Ну а што? Салдаты на футбол сходзяць / dinamo-minsk.by

Каляфутбольшчыкі і футбольныя ультрас Беларусі адмаўляюцца вяртацца на трыбуны ў новым сезоне. Прычына, якую яны называюць, — палітычная сітуацыя ў краіне. На думку фанатаў, яе больш нельга трываць.

Першым байкот на сваёй старонцы ў інстаграме абвясціў сапорт брэсцкага "Дынама". Далей — эфект даміно: з заявамі падцягнуліся фаны "Нёмана", "Слуцка", БАТЭ, "Маладзечна", "Віцебска", "Мінска", "Тарпеда Жодзіна" і "Тарпеда Мінск", "Дняпра", "Іслачы". А самая вялікая фанацкая супольнасць — заўзятары мінскага "Дынама" — яшчэ ў жніўні заявіла пра нязгоду з тым, што адбываецца ў краіне. Хутка ад іх таксама падаспее афіцыйнае паведамленне пра байкот.

Што стала апошняй кропляй для фанатаў, як доўга працягнецца байкот і ці разлічваюць яны, што ён нешта зменіць? Еўрарадыё пра гэта расказалі заўзятар "Маладзечна" Ігар і прадстаўнік фанацкай асновы "Дынама Мінск" Сяргей (імёны змененыя).

"Дзяржава перайшла ўсе магчымыя і немагчымыя межы"

Еўрарадыё: Чаму фанаты далучыліся да байкоту матчаў?

Сяргей ("Дынама-Мінск"): Самая галоўная матывацыя байкоту ў тым, што са жніўня пункт невяртання пройдзены. Дзяржава перайшла ўсе магчымыя і немагчымыя межы здаровага сэнсу. Ніколі яшчэ на маёй памяці паняцці дабра і зла не падзяляліся так выразна паміж асобнымі групамі людзей. Мы не згодныя з тым, што ў краіне прававы калапс, што проста няма правоў чалавека, цалкам разбураныя інстытуты следства, судоў, пракуратуры. І вядома, мы не згодныя з тым, што наша краіна паглыбляецца ў эканамічную, гуманітарную і палітычную прорву.

Фанаты на вуліцах Мінска 9 жніўня 2020 года / vot-tak.tv

"Будзем ведаць, каму потым не паціскаць руку"

Фанатаў прынята дзяліць на тры катэгорыі: "ультрас" — арганізаваную групу падтрымкі, якая не прапускае ніводнага матча сваёй футбольнай каманды, каляфутбольшчыкаў — фанатаў-хуліганаў, і "кузьмічоў" — абывацеляў, якія не прылічаюць сябе да фан-руху, але прыходзяць на стадыён паглядзець гульню.

Еўрарадыё: "Кузьмічы", хутчэй за ўсё, не далучацца да байкоту. Як вы да гэтага ставіцеся?

Ігар ("Маладзечна"): Асабістая справа кожнага — наведваць матчы ці не. Асабіста я ў гэтым праблемы не бачу. Тыя людзі, якіх я ведаю і якія наведваюць стадыён у якасці гледачоў, — усе маюць тую самую грамадзянскую пазіцыю, што і пераважная колькасць грамадзян краіны.

Сяргей ("Дынама-Мінск"): Мы не ведаем, ці будуць хадзіць "кузьмічы" на гульні. Сярод іх таксама ёсць пацярпелыя ад уладаў, таму мы спадзяёмся, што яны праявяць салідарнасць. Але практыка падказвае, што знойдзецца некалькі "асаблівых" з іх ё*аным меркаваннем. Ну што ж, затое мы будзем ведаць, каму потым не паціскаць руку.

"Зялёна-белыя" маладзечанцы на фанацкім сектары / Еўрарадыё

Футбол больш не па-за палітыкай

Еўрарадыё: Прынята лічыць, што спорт па-за палітыкай. Але вось ужо футбольныя "фірмы" пачалі адкрыта выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю. Дык усё-ткі па-за палітыкай ці не?

Ігар ("Маладзечна"): Як паказвае практыка, спорт, і ў прыватнасці футбол, даўно ў палітыцы, і ў цяперашніх умовах іншага быць не можа. Проста раней не было настолькі вострых сітуацый, як цяпер.

Сяргей ("Дынама-Мінск"): Палітыка — неад'емная частка паўсядзённага жыцця, асабліва ў сённяшняй Беларусі. А мы — неад'емная частка грамадства. Звярніце ўвагу: фанаты ніколі не праводзілі агітацыю за якога-небудзь палітыка. Але калі краіна знаходзіцца пад акупацыяй, мы адмаўляемся "гуляцца ў сваёй пясочніцы".

Пазіцыя мінскага "Дынама" абазначаная выразна / "УКантакце"

Еўрарадыё: Ці размаўлялі вы з прадстаўнікамі клуба, перш чым пачаць байкот? Ці чакаеце афіцыйных заяў ад клуба, каманды?

Ігар ("Маладзечна"): Так, многія хлопцы маюць зносіны з гульцамі, супрацоўнікамі каманды, але пачатак байкоту з імі не абмяркоўвалі. Гэта наша рашэнне, якое хлопцы [футбалісты. — Еўрарадыё] зразумеюць.

Сяргей ("Дынама-Мінск"): Кантакт з клубам ёсць — на шчасце, там шмат сумленных людзей. Усе ўсё разумеюць, што тут яшчэ скажаш. Вядома, кожны футбаліст хоча мець за спінай вялікі фанацкі сектар, але, зноў жа, усе разумеюць, што ў гэтых умовах гэта проста немагчыма. Мы не чакаем ніякіх заяў ад клуба, але лічым, што калі сітуацыя пойдзе ў правільным кірунку, то выступяць нават тыя, хто пабаяўся сказаць сваё слова ў жніўні.

"Мы можам падаваць прыклад іншым — чыноўнікам, спартсменам, рабочым"

Фанаты мінскага "Дынама" на фан-сектары / banana.by

Еўрарадыё: Як вы лічыце, ваш байкот нешта зменіць?

Ігар ("Маладзечна"): Глабальна, вядома, байкот нічога не зменіць. Але калі грамадства настолькі кансалідавалася апошнім часам, было б не зусім дарэчы працягваць актыўнічаць, быццам бы нічога жудаснага ў краіне не адбываецца.

Сяргей ("Дынама-Мінск"): Байкот сам па сабе нічога не зменіць, у нас няма ілюзій. Але мы можам падаваць прыклад іншым — чыноўнікам, спартсменам, рабочым. Салідарнасць — вялікая сіла, і народ павінен успомніць, што менавіта ён гаспадар на сваёй роднай зямлі.

Еўрарадыё: Як доўга вы збіраецеся байкатаваць матчы?

Сяргей ("Дынама-Мінск"): Адназначна байкот будзе працягвацца да таго часу, пакуль не зменіцца ўлада. Да таго часу, пакуль у дзяржаве не адбудуцца відавочныя змены, пакуль у Беларусі зноў не запануе закон. Няма сэнсу вяртацца на трыбуны, дзе ты будзеш пад наглядам людзей, чыя псіхіка выклікае пытанні.

Ігар ("Маладзечна"): Будзем байкатаваць да таго часу, пакуль не наступяць перамены. Пакуль наш народ не ўздыхне свабодна.

Падтрымка на трыбунах ад маладзечанцаў / Еўрарадыё

Еўрарадыё: Ці ёсць такія фанаты, якія не падтрымліваюць байкоту?

Ігар ("Маладзечна"): Цяжка ўявіць. Як нам здаецца, такіх фанатаў быць не павінна. Але гэта асабістая справа кожнага. Калі такія ўсё ж будуць, стаўленне да іх будзе адпаведнае.

Сяргей ("Дынама-Мінск"): Думаю, байкот падтрымаюць усе сектары. Паняцця не маю, хто можа зрабіць іншы выбар.

Еўрарадыё: Ці ёсць наогул у Беларусі праўладныя футбольныя фанаты?

Ігар ("Маладзечна"): Калі такія і ёсць, то яны, напэўна, вельмі старанна маскіруюцца. Я такіх не бачыў.

Сяргей ("Дынама-Мінск"): У Беларусі наогул няма праўладных груп людзей, акрамя тых, хто носіць пагоны, і сотні-другой звар'яцелых ямыбацек. Можа, ёсць такія адзінкавыя экзэмпляры і ў нашым руху. Але ў гэтых людзей няма ніякага аўтарытэту, і браць іх у разлік няма сэнсу.

Ворагі становяцца паплечнікамі

С — салідарнасць: фанаты "Тарпеда Жодзіна" і БАТЭ гуляюць у кіберфутбол / instagram.com/bateultras

У фанацкім асяроддзі цяпер адбываюцца дзівосныя рэчы: заўзятары розных клубаў супрацоўнічаюць, апалітычныя ўдзельнікі фан-руху займаюць цвёрдую палітычную пазіцыю, а шалёныя каляфутбольшчыкі-дэбашыры патрабуюць панавання закона. Такое ў гісторыі беларускага фан-руху складана прыгадаць.

Ігар ("Маладзечна"): Згуртаванасць у фанацкіх колах — у прынцыпе не пустыя словы. Так, вядома, не без рознагалоссяў. Але такога яднання, як цяпер, раней не было. У цяперашні момант сярод нас ворагаў няма, а адны з першых, хто выказаў спачуванні родным Мікіты [Крыўцова], былі фанаты МТЗ.

Сяргей ("Дынама-Мінск"): Дружалюбнасці няма, і яе не павінна быць сярод груп фанатаў, якія варагуюць. Але гэта не выключае таго, што цяпер, нягледзячы на клубныя колеры, усе знаходзяцца па адзін бок барыкад. Таму, вядома, мы павінны згуртавацца і быць салідарнымі. У такія моманты заўсёды ўспамінаецца старая песня аднаго з гуртоў: "Клубная вражда, кому она нужна".

Еўрарадыё: Ходзяць чуткі, што фанаты беларускіх клубаў збіраюцца зрабіць агульную заяву. Гэта так?

Сяргей ("Дынама-Мінск"): Упершыню чую пра сумесную заяву ўсіх фанатаў. Скажу так, што часам нам усё ж не стае "адзінага органа", але чым больш фанат будзе закопвацца ў афіцыйшчыну, тым менш у выніку ад фаната застанецца.

Клубнае сяброўства / instagram.com/bateultras

Еўрарадыё: Ці правільна гэта з пункту гледжання фаната — пакідаць клуб без падтрымкі? І так людзей на трыбунах няшмат, а тут яшчэ і гуляць з пустымі фан-сектарамі.

Сяргей ("Дынама-Мінск"): Вы не можаце думаць, ці чысты ваш посуд, пакуль гарыць ваш дом. Для нас няма амаль нічога даражэй за роднае вялікае і магутнае "Дынама", але калі на карту пастаўлены лёс краіны, лёс нас і нашых дзяцей — выбар відавочны. Калі цяпер не пераможа святло, цемра будзе толькі згушчацца. Так што кампрамісаў з самім сабой, са сваім сумленнем быць не можа. Дарэчы, футбалісты хоць і малайцы, што ні адзін з іх не падпісаў праўладны ліст, але ўсё роўна яны баяцца выказацца, Усе запалоханыя, таму яны павінны нас зразумець. Пры громе зброі музы маўчаць.

Ігар ("Маладзечна"): Нягледзячы на тое, што было няпроста, у канцы мінулага чэмпіянату мы аказалі падтрымку нашай камандзе, якая білася за медалі, якая не прайшла міма нашай страты ў асобе Мікіты Крыўцова. Цяпер, упэўненыя, нашы гульцы ўсё выдатна разумеюць і ведаюць, што мы побач.

Еўрарадыё: Смерць Мікіты Крыўцова. Што пра гэта думаюць маладзечанскія фанаты?

Ігар ("Маладзечна"): Датычна смерці Мікіты можна з упэўненасцю сказаць, што гэта не суіцыд. А хто, як і чаму гэта зрабіў, спадзяёмся хутка даведацца.
 

У 2020 годзе фанаты "Маладзечна" страцілі свайго таварыша Мікіту Крыўцова. Мікіта знік у Мінску 12 жніўня. У той дзень працягваліся вулічныя акцыі пратэсту — меркавалася, што хлопец мог браць у іх удзел і быў затрыманы. 22 жніўня яго цела знайшлі павешаным у лясным масіве. Крыху пазней Следчы камітэт вырашыў, што смерць Мікіты Крыўцова не носіць крымінальнага характару.

Аб'ява ад пошукавага атрада "Анёл" пра гібель Мікіты Крыўцова

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі