Завочныя суды і вяртанне да 37-га. У беларусаў могуць адабраць маёмасць?

02/10/2021 - 15:40
Праваабаронца Дзмітрый Салаўёў / Праваабарончы цэнтр "Вясна"

Беларускага праваабаронцу Дзмітрыя Салаўёва могуць асудзіць завочна за “незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў, учыненае арганізаванай групай” і “іншую падрыхтоўку асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, фінансаванне і іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці”. Інфармацыя пра гэта з’явілася ў праўладным тэлеграм-канале “Специальное производство. Официально”.

У інтэрв'ю Еўрарадыё Салаўёў называе абвінавачанні “лухтой”, а завочныя суды, якія па загадзе Лукашэнкі могуць пагражаць беларусам, якія нязгодныя з яго палітыкай і з’ехалі, “вяртаннем да 37-га году”.

Дзмітрый Салаўёў: Я лічу, што гэта помста мне за маю грамадскую і праваабарончую дзейнасць. Я сябра рады праваабарончага цэнтру “Вясна” з 1998 года. Абвінавачанні наконт “кантрабанды і фінансавання пратэстаў” — гэта цалкам хлусня. Праваабарончы цэнтр “Вясна” заўсёды дапамагаў людзям абараняць свае правы. Ніякіх пратэстаў не фінансуе, кантрабандай не займаецца.


Еўрарадыё: Як, на вашу думку, будзе працаваць сістэма завочных судоў далей? Што можа зрабіць чалавек, у дачыненні да якога распачынаюць так званае “спецыяльнае вядзенне”?  

Дзмітрый Салаўёў: Зразумела, што людзі, якія ўжо паклапаціліся аб сваёй бяспецы і з’ехалі, нікуды з’яўляцца і неяк кантактаваць з гэтымі карнымі органамі не будуць, і гэта правільна. Я лічу, што з імі няма аб чым увогуле размаўляць, бо ніякай юрыспрудэнцыі ў Беларусі не існуе. Ёсць толькі карныя органы кшталту ГУБАЗіКа, і ніякага права яны больш не прытрымліваюцца, нават тых законаў, якія напісалі самі.

Варта заўважыць, што ўвогуле пад вялікім пытаннем легітымнасць усёй іх структуры яшчэ з 1996 года, калі гвалтам быў разагнаны беларускі парламент. Лічу, што пасля гэтага здарэння нічога легітымнага ў дзяржапараце больш няма.  

Ну а як праходзіць следства, мы ўсе ведаем: збіццё, катаванні, хлусня і фальсіфікацыя крымінальных справаў.

Еўрарадыё: І ўсё ж, да чага рыхтавацца?

Дзмітрый Салаўёў: Думаю, што там правядуць нейкі працэс, самі прызначаць нейкага прадажнага адваката, за якога яшчэ абвінавачваны будзе вымушаны плаціць. Хутчэй за ўсё, прададуць усю маёмасць чалавека, каб спагнаць і на адваката, які не будзе ніякім чынам абараняць правы, і, можа, штрафы яшчэ якія панакладаюць. 
Трэба рыхтавацца да таго, што ў чалавека ўсё пазабіраюць, асабліва тое, што ім спадабаецца.

Еўрарадыё: Ці можна нейкім чынам абараніць сваю маёмасць?

Дзмітрый Салаўёў: Я ведаю, што мой дом арыштаваны. Больш за год выламаны замок, СК паставіў свае дзверы. Думаю, што ніякай магчымасці абараніць сваю маёмасць сёння ў Беларусі няма, але ёсць такая гіпатэтычная магчымасць.

Можна паспрабаваць звяртацца да краін Еўрасаюза, якія наклалі санкцыі на Беларусь, і прасіць кампенсацыю з замарожаных актываў нашых бандытаў. Такога механізма пакуль не існуе, але калі дзяржава адбірае маёмасць неправамерна ў грамадзяніна Беларусі, варта яго ствараць. Калі ў мяне адбяруць маю маёмасць, я гэтым займуся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі