Заўтра вайна? Як Еўропа рыхтуецца да канфлікту з Расіяй

19/01/2024 - 16:39

Паглядзелі, што з гэтай нагоды піша заходняя прэса / @rubanau_collage

Артыкул нямецкага таблоіда Bild, які спасылаўся на сакрэтны дакумент Мінабароны Германіі пра падрыхтоўку NATO да вайны з Расіяй, нарабіў шмат шуму. Выданне напісала пра легенду вучэнняў Паўночнаатлантычнага альянсу ў 2024 годзе, калі Расія нападае на Польшчу ці краіны Балтыі. Многія ўспрынялі гэты сцэнар вучэнняў як падрыхтоўку да сапраўднай вайны.

Паглядзелі, што з гэтай нагоды пішуць заходнія СМІ.

Еўропа мае некалькі гадоў на падрыхтоўку да магчымай поўнамаштабнай вайны з Расіяй. І пра гэта піша не толькі нямецкі таблоід Bild ці іншыя заходнія выданні.

Гэта публічныя заявы еўрапейскіх лідараў і вайсковых генералаў, якія гучаць ужо паўгода. Напрыклад, днямі ў інтэрв'ю выданню The Times прэм'ер Эстоніі Кая Калас заявіла, што ў Еўропы ёсць 3-5 гадоў, каб падрыхтавацца да вайны на ўсходнім флангу NATO.

Раней у студзені пра гэта казаў і польскі прэм'ер Дональд Туск, які падкрэсліў, што Еўропа моцна адстае ад Расіі па тэмпах вытворчасці зброі.

Аднак ледзь не раней за іншых пра гэта пачалі гаварыць у экспертных нямецкіх колах. Нямецкая рада па міжнародных адносінах (DGAP) яшчэ ў пачатку лістапада апублікавала аналітычную запіску, у якой гаворыцца пра 6-8 гадоў, за якія Расія можа цалкам аднавіць свой ваенны патэнцыял для нападу пасля заканчэння вайны супраць Украіны.

А ўжо ў снежні міністр абароны Германіі Барыс Пісторыус заявіў, што ў Еўропы ёсць 5-8 гадоў на падрыхтоўку. Пад пагрозай краіны Балтыі, Малдова і Грузія.

Але пакуль што гэтыя заявы не прывялі да канкрэтных дзеянняў. Першая з трох нямецкіх дывізій для ўзмацнення стрымлівання NATO не будзе гатовая да разгортвання ў 2025 годзе. Другі дывізіён, запланаваны да разгортвання на 2027 год, чакае той жа лёс.

Спатрэбіцца не менш за два гады, каб наладзіць новыя вытворчыя лініі для ракет, танкаў і стварыць буйнейшыя вайсковыя падраздзяленні. Аналітыкі DGAP адзначаюць, што замест абавязковай вайсковай службы Германія павінная перайсці да абавязковай вайсковай стажыроўкі для ўсіх ва ўзросце ад 18 да 65 гадоў.

Польская армія / wyborcza.pl

Польшча задэкларавала, што павялічыць сваё войска да 300 тысяч. Гэта будзе самае вялікае войска ў ЕС. Аднак ужо цяпер Польшча, дзе толькі добраахвотнае кантрактнае войска, сутыкнулася з велізарнай праблемай: дзе браць людзей? Паступова Мінабароны краіны робіць крокі ў гэтым напрамку.

Напрыклад, 13 студзеня пачало дзейнічаць новае распараджэнне пра змены ў прызыве на вайсковую службу падчас вайны: за няяўку ў ваенкамат пасля атрымання позвы цягам шасці гадзін мяркуецца ўзмацненне адказнасці аж да крымінальнай.

Нават абяцанні Германіі размясціць сваю 5-тысячную брыгаду ў Літве, у якой армія складаецца ўсяго з 16 тысяч чалавек, да 2027 года сутыкаюцца з цяжкасцямі, перш за ўсё фінансавымі. Аналітыкі Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў (CSIS) вельмі дакладна адзначаюць, што стрымліваць вайну — значна лепшая і таннейшая стратэгія, чым яе весці.

Redaktionsnetzwerk Deutschland (RND) адзначае, што ў NATO разглядаюць два асноўныя магчымыя сцэнары агрэсіі Расіі супраць альянсу.

Першы — спроба захопу стратэгічна важнага шведскага вострава Готланд. Вучэнні NATO, якія сімулявалі такое развіццё падзей, праходзілі летась. У NATO да нападу на Готланд гатовыя і асцерагаюцца іншага сцэнара — агрэсіі супраць краін Балтыі.

RND падкрэслівае, што сакрэтны дакумент Бундэсвера, на які спасылалася газета Bild, не ўнікальны. Гэта базавы сцэнар, з якога зыходзяць у NATO.

RND канкрэтызуе публікацыю Bild: Расія пачне з нагнятання абстаноўкі і канфліктаў у краінах Балтыі. Мэта на паверхні: узмацніць варожасць паміж літоўцамі, латышамі, эстонцамі і рускамоўнай меншасцю ў гэтых краінах.

Можна смела сказаць, што гэты этап ужо пачаўся, а арышты і высылкі, якія запланавалі і ўжо праводзяць Рыга і Талін, у пэўным сэнсе на руку Крамлю.

Наступным крокам будуць маштабныя вайсковыя вучэнні, якія, як чакаецца, пройдуць у Беларусі — у непасрэднай блізкасці ад мяжы з Польшчай і Літвой.

Трэці этап — наступ з Беларусі і спроба захапіць Сувалкскі калідор. Увод войскаў на тэрыторыю краін Балтыі будзе прадстаўлены як гуманітарная акцыя па абароне суайчыннікаў, а NATO прапануюць прыняць новы статус-кво, каб пазбегнуць ядзернай вайны.

“Важным аспектам у гэтым кантэксце з'яўляецца роля Беларусі. У сцэнары, які апісвае RND, узброеныя сілы Беларусі не згадваюцца, а сама Беларусь разглядаецца толькі як плацдарм для расійскай агрэсіі. Менавіта так і адбылося ў 2022 годзе ва Украіне, а на тэрыторыю суседняй дзяржавы войска Беларусі не ўступіла. У выпадку расійскай агрэсіі супраць краін Балтыі адседзецца ў тыле ў Лукашэнкі, хутчэй за ўсё, не атрымаецца”, — аналізуе артыкул палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Тым часам сёння стала вядома, што каля 90 тысяч вайскоўцаў возьмуць удзел у найбуйнейшых за дзесяцігоддзі вучэннях NATO Steadfast Defender (“Устойлівы абаронца”). Пра гэта расказаў галоўнакамандуючы Аб'яднанымі ўзброенымі сіламі Альянсу ў Еўропе Крыстафер Кавалі, перадае Reuters.

Ён паведаміў, што вучэнні пачнуцца на наступным тыдні і працягнуцца да траўня.

"Альянс прадэманструе сваю здольнасць умацаваць еўраатлантычны рэгіён, перакінуўшы праз Атлантычны акіян сілы з Паўночнай Амерыкі", — сказаў Кавалі.

Bild адзначае, што апошні раз NATO праводзіла настолькі маштабныя вучэнні ў 1988 годзе. Тады ў іх удзельнічалі 125 тысяч вайскоўцаў.

Financial Times пісала, што вучэнні NATO Steadfast Defender у 2024 годзе стануць найбуйнейшымі з часоў халоднай вайны. Газета паведамляла, што яны пройдуць на тэрыторыі Германіі, Польшчы і краінаў Балтыі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі