Затрымалі палітычную блогерку Вольгу Такарчук, яна паспела запісаць відэа

25/01/2021 - 10:19

25 студзеня суд Першамайскага раёна Мінска аштрафаваў палітычную блогерку Вольгу Такарчук за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 29 лістапада на 870 рублёў. Пры гэтым суддзя Максім Трусевіч спаслаўся на яе відэа на YouTube. Такарчук не пагадзілася, заявіла, што відэа было зроблена раней і толькі ў той дзень апублікавана. Як паведамляе тэлеграм-канал @viasnanazirae, Вольгу Такарчук адразу ж затрымалі ў судзе па іншай адміністрацыйнай справе і цяпер будуць судзіць за пікетаванне 23 снежня на... балконе з шарыкамі. Гэты факт таксама збіраюцца даказаць з дапамогай відэа.

Такарчук запісала відэазварот на выпадак свайго арышту. У ім яна кажа, што не захацела хавацца ці выязджаць за мяжу, але не змагла і маўчаць. "Калі кожны з нас замаўчыць, будзе тое, што было год таму: кожны на кухні ціхенька ненавідзеў уладу, асуджаў яе, але сядзеў і нічога не рабіў, — кажа яна. — Жыць на каленях я не хачу".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі