Замест “Паўночнага ззяння” пройдзе “Ззя weekend”. Што гэта за новая культурная падзея?

22/10/2026 - 15:18

Лагатып "Ззя weekend" / Northern Lights Film Festival

Замест традыцыйнага кінафестывалю “Паўночнае ззянне”, якога, як высветліла Еўрарадыё, сёлета не будзе, каманда імпрэзы анансавала іншую актыўнасць — серыю кінапраглядаў і сустрэч “Ззя weekend”.

Паказы пройдуць з 11 па 13 снежня 2026 года ў Варшаве, у кінатэатры Kinoteka. Стужкі будучай падзеі будуць заяўлены пазней.

Чаму ўсё ж такі ўзнікла нечаканая паўза ў правядзенні “Паўночнага ззяння”?

У прэс-рэлізе арганізатары тлумачаць адмену “Ззяння” шэрагам выпрабаванняў, з якімі сутыкаюцца культурныя праекты ў выгнанні: складанасцю з фінансаваннем, наданнем праекту “экстрэмісцкага статусу” з боку беларускіх улад і, у сувязі з гэтым, неабходнасцю пераасэнсаваць, як бяспечна камунікаваць з аўдыторыяй унутры Беларусі

Таксама ёсць і асабістая прычына.

“Паўтара года таму я стала мамай, і гэта праца – мацярынства – цяпер займае значную частку майго часу і рэсурсаў. Гэта мая найважнейшая, скажам так, валанцёрская праца зараз. Таму іншыя праекты часова адышлі ў цень гэтага галоўнага праекта”, — прыводзяцца ў прэс-релізе словы арганізатаркі фестывалю Волі Чайкоўскай.

“Мы пакажам значна менш фільмаў, чым у мінулыя гады, але захаваем традыцыю і правядзём фестываль хаця б у міні-фармаце”, — кажа культурная дзяячка. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі