Захворванне на COVID ў свеце расце — усталяваны новы антырэкорд

26/01/2022 - 05:44
З пачатку пандэміі ад каранавіруса ў свеце памерлі больш за 5 мільёнаў 600 тысяч чалавек​ / Reuters

Больш за 21 мільён чалавек заразіліся каранавіруснай інфекцыяй за мінулы тыдзень (з 17 па 23 студзеня) у свеце. І гэта чарговы максімум. Пра гэта гаворыцца ў традыцыйнай справаздачы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ).

Рост хворых у параўнанні з папярэднім тыднем склаў 5%, колькасць смяротных выпадкаў вырасла на 1%.

Колькасць інфікаваных адчувальна павялічылася ў Усходнім Міжземнамор'е (на 39%), Паўднёва-Усходняй Азіі (на 36%) і Еўропе (на 13%). Пры гэтым каля паловы ўсіх новых выпадкаў тыдня (47%) прыпадае на еўрапейскія краіны.

У Афрыцы і Амерыцы колькасць новых выпадкаў COVID, наадварот, скарацілася (на 31% і 10% адпаведна).

Па дадзеных СААЗ на 25 студзеня, у свеце з пачатку пандэміі было зарэгістравана каля 352 мільёнаў 797 тысяч інфіцыраваных і больш за 5 мільёнаў 600 тысяч памерлых.

У Беларусі з пачатку пандэміі каранавірус быў выяўлены ў 730 тысяч 207 чалавек. Гэта таксама дадзеныя на 25 студзеня. Памерлі 5 тысяч 959  пацыентаў. Да канца студзеня-пачатку лютага беларускія медыкі чакаюць новую хвалю захворвання, выкліканую штамам омікрон. Ужо зараз каля паловы выпадкаў, якія выяўляюць у Мінску, прыпадае на долю гэтага штаму. Да рэгіёнаў ён яшчэ толкам не дабраўся, але гэта справа часу, казала на днях намеснік міністра аховы здароўя Алена Краткова.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі