За ўступленне ў клуб кардараў палачанін заплаціў чатыры біткоіны

29/03/2018 - 09:40

Следчае ўпраўленне Следчага камітэта па Віцебскай вобласці завяршыла расследаванне крымінальнай справы на 24-гадовага жыхара Полацка. Яго вінавацяць у крадзяжы шляхам выкарыстання камп'ютарнай тэхнікі.

Са снежня 2016 года па студзень 2017-га мужчына, як паведамляе следства, скраў з чужык картак больш за 5,8 тысяч рублёў. Частку аперацый на суму больш за 3,5 тысячы рублёў мужчына завяршыць не змог, бо банк іх адхіліў. 

Малады чалавек атрымаў рэквізіты для несанкцыянаванага доступу да амаль двух дзясяткаў банкаўскіх плацежных картак, эмітаваных адным з банкаў Канады. Для доступу палачанін выкарыстоўваў мабільнікі сваіх знаёмых, куды ўсталёўваў дадатак, які дазваляе весці разлікі бескантактавым спосабам.

Два месяцы мужчына шукаў розныя гандлёвыя аб'екты (міні-кафэ, крамы ды інш.) у Полацку і ​​Полацкім раёне, дзе можна бескантактна разлічыцца за пакупкі. Напрыклад, на аўтазаправачнай станцыі ён на працягу тыдня 26 разоў набываў і спрабаваў аплаціць тавар.

Следчымі вінавацяць мужчыну ў замаху на крадзеж маёмасці шляхам ўвядзення ў камп'ютарную сістэму фальшывай інфармацыі, спалучанае з несанкцыянаваным доступам да камп'ютарнай інфармацыі, учынены ў буйным памеры, пры гэтым злачынства не было даведзена да канца па незалежных ад гэтай асобы абставінах. Маладога чалавека ўзялі пад варту. На яго аўтамабіль "Пежо 407" накладзены арышт.

Палачанін прызнаў сваю віну. Ён распавёў, што ўпершыню выпрабаваў несанкцыянаваны доступ да чужых картак, заплаціўшы за каву на запраўцы. Агулам на яго рахунку каля 90 аперацыяў у гандлёвых аб'ектах, частка з якіх былі беспаспяховымі.

Выявілася, што малады чалавек папярэдне праходзіў навучанне кардынгу. У 2016 годзе ён уступіў у клуб кардараў, заплаціўшы за ўсё 4 біткоіны. Палачанін са шкадаваннем дадаў, што ўкладанні не апраўдаліся.

Матэрыялы крымінальнай справы вывучаныя пракурорам і перададзеныя ў суд.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі