За штурм тэлевежы ў Вільні будуць судзіць пяць грамадзян Беларусі

21/01/2016 - 14:22

Пяцярых грамадзян Беларусі будуць судзіць па справе аб штурме віленскай тэлевежы, які адбыўся ў ноч на 13 студзеня 1991 года. Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка віленскага акруговага суда Вайда Бітаутэ.

“На дадзены момант поўны спіс асобаў, якія абвінавачваюцца па гэтай справе і маюць грамадзянства Беларусі такі: Ромас Юхнявічус, Аляксандр Цяпота, Уладзімір Усхопчык, Віктар Раманчэўскі і Алег Маркоўскі”.

Усе гэтыя асобы жывыя і знаходзяцца па-за тэрыторыяй Літвы. Раней паведамлялася, што па гэтай справе абвінавачваюцца толькі чацвёра грамадзян Беларусі. Віленскі суд не называў імя Ромаса Юхнявічуса.

Будуць беларусы асуджаныя завочна або для гэтага спатрэбіцца іх асабістая прысутнасць, вырашыцца падчас першай судовай сесіі. Яна адбудзецца 27 студзеня ў Віленскім акруговым судзе.

Падчас трагічных падзеяў 1991 года загінулі 13 мірных жыхароў Літвы і адзін савецкі спецназавец. Агулам пацярпела больш за тысячу чалавек. Той ноччу ўзброеныя салдаты і бронетэхніка савецкай арміі занялі тэлевежу і будынак радыё і тэлебачання Вільні, якія абараняў шматтысячны натоўп мірных жыхароў. На баку як барацьбітоў за незалежнасць, так і савецкіх агрэсараў былі беларусы.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі