За паводзіны заўзятараў ФК "Дняпро" заплаціў штраф 6370 рублёў

28/05/2018 - 16:47

6370 рублёў штрафу заплаціў магілёўскі футбольны клуб "Дняпро" за паводзіны заўзятараў. Гэта прымусіла гендырэктара клуба Дзмітрыя Калачова звярнуцца да прыхільнікаў каманды. 

"Ужо пасля стартавага матчу каманды ў сезоне 2018 года (11.03.2018, Салігорск, ФК "Шахцёр" — ФК "Дняпро") на адрас клуба прыйшоў ліст за подпісам сакратара Камітэта кантрольна-дысцыплінарнага і па этычных пытаннях АБФФ Р.Х. Юмагужына, у якім звяртаецца ўвага на непрыстойныя паводзіны актыўных заўзятараў "Дняпра", у прыватнасці, выкрыкванне правакацыйных рачовак, лозунгаў расісцкага і дыскрымінацыйнага зместу. Разгледзеўшы ліст УУС Мінскага аблвыканкама, чальцы Камітэта аднагалосна прагаласавалі за ўжыванне дысцыплінарнай санкцыі ў выглядзе штрафу ў дачыненні да ФК "Дняпро" ў памеры дзвюхсот базавых велічыняў — 4900 беларускіх рублёў", — гаворыцца ў звароце.

Травень прынёс магілёўскаму клубу адразу два адмоўныя інцыдэнты. У паўфінале Кубка Беларусі (2 траўня 2018 года) супраць брэсцкага "Дынама" фанаты "Дняпра" запалілі фаеры на стадыёне. За гэта клуб быў аштрафаваны на 245 рублёў (10 базавых). Акрамя таго, на інцыдэнт з фаерамі звярнула ўвагу і міліцыя.

Гульня з барысаўскім БАТЭ ў шостым туры чэмпіянату Беларусі была адзначаная нецэнзурнымі крычалкамі з боку магілёўскіх заўзятараў на адрас каманды саперніка. За гэта "Дняпро" аштрафавалі на 1225 рублёў (50 базавых).

"Давайце не забудзем і пра маральны складнік. Нецэнзурная лаянка, якая часцяком гучыць у адказ на правакацыйныя крычалкі прадстаўнікоў фанацкага сектара каманды-саперніка, чуваць не толькі яе адрасатам, але і дзецям, якія прыйшлі на стадыён зусім па іншыя ўражанні.

Сродкі, якія клуб абавязаны выплаціць, маглі быць выдаткаваныя, напрыклад, на арганізаваны выезд заўзятараў для падтрымкі каманды ў гасцявым матчы. Пагадзіцеся, карысць з такіх мерапрыемстваў атрымліваюць усе зацікаўленыя бакі", — гаворыцца ў звароце.

Гендырэктар "Дняпра" выказвае надзею, што гэты зварот знойдзе водгук сярод заўзятараў клуба. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі