"Гуканне вясны" ў Гомелі / відэа з акаўнту ў TikTok
Сталі вядомыя падрабязнасці затрымання ўдзельнікаў "Гукання вясны" ў Гомелі.
Як паведамляюць праваабаронцы з "Гомельскай вясны", суд над некаторымі ўдзельнікамі адбываўся 26 сакавіка ў будынку аднаго з РАУСаў. Пры гэтым суддзяў сабралі з судоў розных раёнаў горада. Аднаму ўдзельніку "Гукання вясны" прысудзілі 15 сутак арышту, а іншым — штрафы не меней за 100 базавых велічыняў (4500 рублёў).
Закрытае "Гуканне вясны" праходзіла 21 сакавіка ва ўнутраным дворыку аднаго з рэстаранаў. Удзельнікаў затрымалі і абвінавацілі ў "парушэнні парадку правядзення масавага мерапрыемства".
Як піша выданне "Флагшток", гаворка можа ісці пра мерапрыемства ў рэстаране "Спадчына" на вуліцы Савецкай, 1 (будынак "Палесдруку"), блізу плошчы Леніна.
Гэта новы рэстаран, адкрыты летась. Там прапаноўваюць стравы беларускай кухні, ладзяць тэматычныя лекцыі-дэгустацыі. Там жа перыядычна праводзілі майстар-класы "Танцы ля печы", а ў студзені ладзілі "Калядкі".
Адзначаецца, што ў мерапрыемствах у гэтым рэстаране ўдзельнічаў нават міліцыянт — старшы ўчастковы інспектар Гомельскага РАУС маёр Віктар Шыпкоў. Сёлета ён быў узнагароджаны прэміяй Лукашэнкі "За духоўнае адраджэнне" — так быў адзначаны ягоны "значны асабісты ўнёсак у захаванне народных традыцый, этнаграфічныя даследаванні і рэканструкцыю касцюмаў Гомельскага раёна".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут