З Ціханоўскага спаганяюць падатак за 900 тысяч долараў, знойдзеных за канапай

14/05/2021 - 06:24

У судзе Савецкага раёна Гомеля 21 мая пачнецца разгляд скаргі палітвязня Сяргея Ціханоўскага на рашэнне падатковай інспекцыі. Падаткавікі вырашылі спагнаць павышаны падатак з часткі сумы, знойдзенай у яго на лецішчы за канапай падчас ператрусаў 3-4 чэрвеня 2020 года. Пра гэта агенцтву БелаПАН расказала адвакатка Ціханоўскага Наталля Мацкевіч.

13 траўня ў судзе прайшло папярэдняе пасяджэнне. Па просьбе падаткавікоў суд будзе закрытым. Яны заявілі, што "сілы, сродкі, метады і спосабы працы падатковай з'яўляюцца ахоўванай законам таямніцай". Таксама было заяўлена, што падатковай таямніцай з'яўляюцца і звесткі пра маёмаснае становішча Ціханоўскага. Адвакатка хадайнічала, каб суд быў закрытым толькі часткова, але суд не ўлічыў яе аргументы. Публічна будзе абвешчанае толькі рашэнне суда па скарзе.

Сяргея Ціханоўскага затрымалі 29 траўня 2020 года на перадвыбарчым пікеце пасля правакацыі. У яго адбылося некалькі ператрусаў. Як паведамлялі СМІ, пасля трэцяга ператруса на лецішчы за канапай знайшлі пакет, у якім было 900 тысяч долараў.

Падатковая інспекцыя вылічыла, што ў выніку гэтай знаходкі ў Ціханоўскага выйшла перавышэнне даходаў над выдаткамі 1 612 000 рублёў. Яму налічылі амаль 258 тысяч рублёў падатку. 

Блогер па-ранейшаму заяўляе, што гэта не яго грошы, ён не ведае пра іх паходжанне і не мог іх выдаткоўваць, бо дагэтуль знаходзіцца пад вартай. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі