З Чавусаў звярнуліся да Лукашэнкі: у інтэрнаце, дзе жыве дзіця, руйнуецца сцяна

05/10/2023 - 08:37

Чавусы  / planetabelarus.by

Жыхарка Чавусаў праз сацсеткі звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай вырашыць праблему яе сяброўкі, якая разам з дзіцем жыве ў мясцовым інтэрнаце. Аўтарка звароту таксама зарэгістраваная ў гэтым інтэрнаце, працягвае плаціць камунальныя, але знайшла магчымасць з'ехаць адтуль у Магілёў. У яе сяброўкі з дзіцем такой магчымасці няма.

"Звароты былі ва ўсе інстанцыі. У райвыканкам, жылкамунгас, але захады ніхто не робіць. Вось-вось, Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, абрынецца сцяна. Упадзе або ўніз, або ў спальню, дзе спіць дзіця", — кажа аўтарка відэа. Яна таксама паказала кухню і ванны пакой, якімі карыстаецца сям'я. На кухні чорныя столі і сыплецца тынкоўка, а ў ванным пакоі няма гарачай вады. Паводле дзяўчыны, праблему з вадой некаторы час таму камунальнікі вырашылі, але ненадоўга. Гарачая зноў знікла.

Дзяўчына расказала, што за пакой тут плацяць 150-200 рублёў. "За што? За тое, што няма гарачай вады, няма ўмоў для пражывання? Гэта проста жах", — кажа яна. Пазней дзяўчына паведаміла ў сацсетках, што пасля з'яўлення яе відэа сяброўцы патэлефанавалі прадстаўнікі мясцовых уладаў і паабяцалі знайсці больш прыдатнае жыллё.

Адна са сцен у пакоі, дзе жыве дзіця, руйнуецца / скрыншот з відэа

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі