З беларускага канаіста Пятрова знялі абвінавачанні ў допінгу

06/02/2017 - 06:04

Сусветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) зняло з беларускіх весляроў усе падазрэнні ва ўжыванні допінгу. Паводле інфармацыі БЕЛТА, апошнім з нашых спартоўцаў, ачышчаным ад падазрэнняў, стаў канаіст Максім Пятроў.

У допінг-спробе Пятрова, якую ўзялі ўвесну 2016-га на трэніровачных зборах у Францыі, выявілі нязначнае перавышэнне канцэнтрацыі мельдония. Арбітражны суд у Лазане пастанавіў, што гэта не дастатковая падстава, каб адхіліць спартоўца ад спаборніцтваў. У спіс забароненых прэпаратаў мельдоній быў унесены ў студзені 2016 года, аднак з арганізма ён можа выводзіцца да паўгода.

Нагадаем, што мужчынскую зборную Беларусі па веславанні адхілілі ад спаборніцтваў за пробы, узятыя ў красавіку 2016 года. Потым гэтае рашэнне было скасаванае, аднак нашыя весляры не змаглі трапіць на Алімпіяду ў Рыа-дэ-Жанейра. З гэтай нагоды Нацыянальны алімпійскі камітэт падрыхтаваў пазоў да Міжнароднай федэрацыі каноэ. НАК хоча, каб Міжнародная федэрацыя кампенсавала маральную шкоду за зняцце спартоўцаў, а таксама кампенсавала сродкі, якія краіна чатыры гады траціла на падрыхтоўку да Алімпійскіх гульняў. У пазове называецца сума ў 2,5 млн долараў. Калі да 23 лютага 2017 года Міжнародная федэрацыя каноэ не зробіць ніякіх крокаў, Беларусь рыхтуецца падаваць пазоў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі