Укол, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Медыцынскія ўлады працягваюць хаваць інфармацыю пра індыйскі прэпарат "Кардыурэкс", ад якога памерлі дзевяць пацыентаў. Журналісты выдання "Зеркало" паспрабавалі пагаварыць з чыноўнікамі розных узроўняў, каб даведацца аб прычынах трагедыі.
Журналістка выдання тэлефанавала пад выглядам беларускай, сваяк якой чакае чаргі на аперацыю. Начальніца ўпраўлення фармацэўтычнай інспекцыі Мінздароўя Алена Лаўнік запэўніла, што індыйскі "Кардыурэкс" у Беларусі цяпер не выкарыстоўваюць: "Ён зняты, гэтага [прэпарата] ужо няма, не хвалюйцеся".
На пытанне пра тое, чаму Мінздароўя не паведаміла пра смерць людзей, чыноўніца заявіла, што не валодае інфармацыяй і ўдакладніла: "Не валодаем, каб вам распаўсюджваць яе. Таму вы таксама павінны разумець. Не магу вам сказаць з гэтай нагоды нічога".
Чыноўніца ўпраўлення арганізацыі лекавага забеспячэння Мінздароўя, куды затэлефанавала журналістка, сказала, што прэпарат цяпер праходзіць праверку.
"Глядзіце, закупляюцца незарэгістраваныя лекавыя прэпараты. Таму што ў нас такіх зарэгістраваных у Рэспубліцы Беларусь няма. На сённяшні дзень праводзіцца кантроль якасці ўсіх лекавых прэпаратаў, асабліва незарэгістраваных, якія паступаюць у нашу краіну. Кантроль якасці ў сябе ўключае ў тым ліку праверку на наяўнасць бактэрыяльных эндатаксінаў. Таму ўсё, што паступае звонку, — усё роўна, што напісана, якія ў яго былі рэкамендацыі, ці былі па ім рэкламацыі ў іншай краіне, — у любым выпадку праходзіць першапачатковую праверку. І калі ён [прэпарат] праходзіць кантроль якасці, то ён лічыцца прымальным для прымянення ў Рэспубліцы Беларусь", — запэўніла яна. Але не змагла патлумачыць, чаму адклікалі прэпарат, які прайшоў такі кантроль якасці.
Супрацоўніца Мінздароўя запэўніла, што пасля канфіскацыі злашчаснай партыі лекаў у Беларусь іншых партый індыйскага "Кардыурэкса" не пастаўлялі. Цяпер у беларускіх шпіталях выкарыстоўваюць прэпарат іншага вытворцы.
У "Дзяржфармнаглядзе" журналістцы сказалі, што раней лабараторная праверка якасці прэпарату адбывалася па асобных паказчыках. І па некаторых паказчыках прэпарат не правяралі.
Як паведамлялася раней, індыйскі "Кардыурэкс" уводзілі пацыентам падчас аперацый на сэрцы. Пасля яго выкарыстання ў пацыентаў выяўлялі высокарэзістэнтныя бактэрыі і сэпсіс. У службовых дакументах, якія трапілі ў рукі журналістам, паведамлялася пра смерць васьмі пацыентаў у Брэсце і адной пацыенткі ў Мінску. Пры гэтым брэсцкая клініка пасля смерці пацыентаў не паведаміла ў мясцовы цэнтр эмідэміялогіі пра заражэнне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут