Яшчэ каля 300 населеных пунктаў Гомельскай вобласці застаюцца без святла

18/07/2024 - 06:17

Работы па аднаўленні энергазабеспячэння / @Minenergo_by

Работы па аднаўленні энергазабеспячэння працягваюцца ў 293 населеных пунктах Гомельскай вобласці. Аб гэтым паведамляюць у Міністэрстве энергетыкі. За ноч электразабеспячэнне вярнулі ў 140 месцаў. Працуюць 183 аварыйныя брыгады і 260 адзінак тэхнікі. Для часовага энергазабеспячэння населеных пунктаў, якія застаюцца без святла, у рэгіён падвозяць перасовачныя дызель-генератары з іншых абласцей.

Днём і ноччу ідзе работа па расчыстцы дрэў. Гэта робіцца, каб энергетыкі маглі хутчэй дабрацца да пацярпелых ад непагадзі ўчасткаў электрасетак. Па прагнозах сіноптыкаў, сёння ў рэгіёне зноў чакаюцца навальніцы з ліўнямі і моцным ветрам. Парывы ​​могуць дасягаць 20 м/с.

Нагадаем, у выніку ўрагану, які прайшоў па поўдні Беларусі 14 ліпеня загінулі як мінімум 4 чалавекі, у тым ліку двое дзяцей. Пацярпелі сотні населеных пунктаў. Статысячны Мазыр на некалькі дзён застаўся без святла і вады.

Энергетыкі працуюць і ноччу / тут і далей фота @Minenergo_by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі