Яна Шостак з плакатам "Papa call me": Папа Рымскі мне як бацька

03/08/2016 - 13:27

Мастачка Яна Шостак з Гродна цяпер не проста студэнтка кракаўскай Акадэміі мастацтваў. Яна — вядомая на ўвесь свет дзяўчына, якая спачатку з дапамогай ватыканскіх СМІ і польскай паліцыі вывесіла сцяг з выявай Францішка на галоўнай плошчы Кракава, а затым выйшла на Сусветныя дні моладзі з плакатам "Papa call me", пазначыўшы свой нумар тэлефона.


І Папа патэлефануе, не сумняецца Яна, калі ўсё супакоіцца. Хоць яна ў гэты момант і будзе вельмі шакаваная. Гаварыць з Пантыфікам дзяўчына збіраецца па-англійску, і тэма для размовы ўжо ёсць.


 "Хачу паразмаўляць з ім пра сучаснае мастацтва і яго супрацоўніцтва з Касцёлам, пра значэнне сучаснага мастацтва, — распавядае Яна. — Сам Папа кажа, што выкарыстоўвае сучасныя медыя і хоча паказаць, што Касцёл мусіць ісці з часам, але пакуль на прасторах Касцёла мы рэдка бачым інсталяцыі, відэааб'екты, сучасную графіку, канцэптуальнае сучаснае мастацтва. І хацелася б пашырыць гэта". 

Фота: belsat.eu

З банерам "Papa call me" Яна з'явілася на спатканні Папы Францішка з валанцёрамі ў Tauron Arenа Krakow. Дзяўчына распавядае, што імкнулася стаць так, каб быць заўважнай і для Папы, і для медыя. Аднак лічыць свой учынак не зусім перфомансам. Маўляў, любое мастацтва мусіць ісці ад галавы і ад сэрца:


"Кантэкст гэтай акцыі важны з таго пункту гледжання, што людзі прыязджаюць на такія дні моладзі, маюць сцягі сваіх краінаў і ўсё. Але ніхто не мае ніякага асабістага знака. А ў сучасным свеце, як кажа Францішак, які выступае за прыём мігрантаў, нацыянальнае пытанне "Адкуль ты?" мусіць быць апошнім. Спачатку мусіць быць нешта больш асаблівае, чым сцяг. Таму я вырашыла выкарыстаць прастору гэтага сцяга, які тэарэтычна можа мець кожны, і павялічыць свае надзеі на тое, што ён патэлефануе". 

 

Яна кажа, што вельмі шануе Папу з-за яго шчырасці, глыбіні, прастаты, у якой — яго геніяльнасць. І што пасля звароту да Папы ў Сеціве пачаліся дыскусіі наконт слушнасці яе звароту да Папы. Маўляў, па-англійску трэба было пісаць "the Poup". Але, мяркуе мастачка, у мастацтве не мусіць быць правільнасці, хоць яна і не думала, што людзі "будуць так чапляцца да словаў":


"... не быўшы на той сустрэчы, дзе людзі крычаць "Viva Papa", не разумеючы, як усе лічаць яго сваім бацькам. Я хацела гэтым подпісам паказаць, што ён мне як бацька, хоць многія потым жартавалі, што сапраўды падумалі, што я шукаю бацьку, бо згубілася", — смяецца дзяўчына.


Сусветныя дні моладзі прайшлі ў Кракаве з 21 па 30 ліпеня.

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі